2014-02-08 11:47:44

Ватыканскі дыпламат: Камітэт ААН па правах дзіцяці праігнараваў працу Святога Пасаду


RealAudioMP3 Нельга ставіць у адзін рад выпадкі трыццаці-саракагадовай даўніны і цяперашнюю сітуацыю, і ігнараваць доўгую працу па ачышчэнні, увядзенне больш строгіх прававых і дысцыплінарных мераў, пракаментаваў арцыбіскуп Сільвана Тамазі заключныя заўвагі Камітэта ААН па правах дзіцяці адносна Святога Пасаду. Менавіта ён, як пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН і іншых міжнародных установах у Жэневе, узначальваў ватыканскую дэлегацыю на сустрэчы з экспертамі Камітэта ў студзені гэтага году. Зараз іерарх рыхтуе новы, “дэтальны адказ” у пісьмовай форме, прызнаўся ён сам у інтэрв’ю італьянскаму выданню “Corriere della sera”.

Прычына ў тым, што ў апублікаваных Заключных заўвагах паўтараюцца няправільныя сцвярджэнні падазрэнні, якія былі развеяны праз празрыстыя і ясныя адказы з боку Святога Пасаду, якія, як аказваецца, не былі ўзяты пад увагу. Напрыклад, той факт, што “святары з’яўляюцца не ватыканскімі супрацоўнікамі або функцыянерамі ў свеце, але грамадзянамі сваіх краін” і, “калі яны здзяйсняюць злачынства, павінны быць асуджаны і пакарны ў сваіх краінах, таму што падпарадкоўваюцца іх законам, а не законам Дзяржавы Ватыкан”, адзначыў арцыбіскуп Тамазі.

Дыпламат прызнаў, што ў мінулым, нажаль, у Касцёле здараліся выпадкі, калі святары, якія здзяйснялі сексуальныя злачынствы пераводзіліся на іншыя месцы, ці адносна іх не пачыналіся судовыя працэсы, але зараз сітуацыя змянілася. У 2010 г. Бэнэдыктам XVI былі ўведзены больш строгія нормы для барацьбы з сексуальнымі злачынствамі, біскупскія канферэнцыі атрымалі адпаведныя інструкцыі, злачынцаў часцей сталі выключаць са святарскага стану, папам Францішкам была створана спецыяльная міжнародная камісія, адбываецца супрацоўніцтва з грамадзянскімі ўладамі, вінаватыя атрымліваюць пакаранні, адзначыў арцыбіскуп Тамазі.

На абвінавачванні Касцёла ў “дзесятках тысяч” такога роду злачынстваў, арцыбіскуп адказаў, што не ведае адкуль паходзіць гэтая лічба, але перакананы, што нават “адзін выпадак – гэта ўжо шмат для Касцёла”. “Статыстыка ААН кажа пра 40 млн. сексуальных злачынстваў у год ва ўсім свеце. Гэта праблема тычыцца ўсяго грамадства. Мы ўсе павінны прыкладаць намаганні, не толькі Каталіцкі Касцёл, каб змагацца з гэтай катастрофай”, - сказаў ён. Іерарх нагадаў таксама, што ў свеце цяжка знайсці структуру ці краіну, якая б зрабіла больш, чым Каталіцкі Касцёл за апошнія гады, для барацьбы з сексуальнымі злачынствамі супраць дзяцей.








All the contents on this site are copyrighted ©.