Былы Дзяржсакратар плануе напісаць мемуары і выдаць кнігу пра веру і спорт
Кардынал Тарчызіо
Бэртонэ, былы Дзяржсакратар Яго Святасці Папы, працягвае працу ў якасці члена шасці
ватыканскіх дыкастэрый, сустракаецца з людзьмі, якія дзеляцца з ім праблемамі і задаюць
пытанні, а таксама займаецца душпастырскай дзейнасцю, якая засталася прапісанай у
яго “духоўнай ДНК”, як ён сам апавёў у інтэрв’ю італьянскаму тэлеканалу “Tgcom24”.
Пурпурат назваў “дарам” і “прывелеем” сваю былую працу побач з двума апошнімі Пантыфікамі.
Адначасова ён выказаў шкадаванне, што не змог спыніць бязлітасную крытыку, якая беспадстаўна
абрынулася на Бэнэдыкта XVI і яго бліжэйшых супрацоўнікаў.
Кардынал Бэртонэ
расказаў, што датэрміновае заканчэнне яго мандата ў якасці старшыні кардынальскай
камісіі па пытаннях Інстытута рэлігійных спраў, вядомага як Ватыканскі банк, звязана
з заканчэннем яго служэння на пасадзе Дзяржсакратара і зменай складу амаль ўсёй камісіі.
Гэта рашэнне папы Францішка ён лічыць “натуральным, лагічнымі і разумным”. Іерарх
адзначыў, што ў мінулым “былі пэўныя сумныя паводзіны”, якія кінулі цень на Ватыканскі
банк, але на працягу апошніх гадоў адбываецца ачышчэнне, звязанае з прыняццем новых
законаў супраць адмывання грошай і большага нагляду за кліенатамі структуры. Гэта,
паводле кардынала Бэртонэ, дапаможа Інстытуту рэлігійных спраў прыносіць дабро ўсяму
Паўсюднаму Касцёлу.
Пурпурат адзначыў, што Бэнэдыкт XVI і яго бліжэйшыя супрацоўнікі
вельмі пакутавалі ў перыяд, калі стала вядома пра выкраданне прыватных дакументаў
Папы і Святога Пасаду. “Перш за ўсё з-за адсутнасці любові да Касцёла, якая праявілася
ў гэтых учынках і публікацыі дакументаў, якія павінны былі застацца канфідэнцыйнымі,
каб дазволіць дыялог унутры Касцёла і выправіць пэўныя паводзіны”, - сказаў ён.
З
іншага боку, кардынал Бэртонэ заўважыў, што гэта складаная сітуацыя паспрыяла больш
гарачай малітве, блізкасці і салідарнасці з Папам і Святым Пасадам. У Ватыкан прыходзілі
тысячы лістоў са словамі падтрымкі і салідарнасці, сказаў ён. Хоць, на думку пурпурата,
яшчэ засталіся неапублікаванымі некаторыя з выкрадзеных дакументаў, ён выказаў спадзяванне,
што ў гісторыі Касцёла старонка пад назвай “Vatileaks” закрыта.
Кардынал Бэртонэ
прызнаўся, што час ад часу сустракаецца з Бэнэдыктам XVI і тэлефануе да яго. Апошні
раз яны бачыліся 26 снежня 2013 г. Папа на пенсіі сам наведаў свайго былога бліжэйшага
супрацоўніка. Ён быў “у цудоўнай форме, фізічнай і інтэлектуальнай”, падзяліўся іерарх.
Гаворачы
пра свае бліжэйшыя планы, кардынал Бэртонэ расказаў, што рыхтуе да выдання кнігу,
прысвечаную веры і спорту, бо з’яўляецца “гарачым футбольным заўзятарам”, а таксама
хоча пачаць пісаць мемуары.