2014-02-08 14:41:28

Апостальская Сталіца патрабуе большай павагі да правоў жанчын


RealAudioMP3 Міжнародная супольнасць павінна звяртаць больш увагі на праблемы жанчын, перакананы арцыбіскуп Фрэнсіс Чулікат, пастаянны назіральні Апостальскай Сталіцы пры ААН у Нью Ёрку. Ватыканскі дыпламат выступіў на сесіі працоўнай групы арганізацыі па праблемах устойлівага развіцця. Ён нагадаў, што эканамічная няроўнасць абмяжоўвае правы людзей і з’яўляецца крыніцай сацыяльных патрасенняў, насілля і канфліктаў. Галоўным чынам, арцыбіскуп звярнуў увагу на праблемы жанчын. Іх годнасць, паводле дыпламата, часта знаходзіцца пад пагрозай. У якасці прыкладу ён указаў на шэраг пагрозаў і выпадкаў дыскрымінацыі, з якімі ў свеце сустракаюцца менавіта жанчыны: ад селектыўных абортаў (калі забіваюцца пераважна эмбрыёны жаночага полу) да цяжкасцяў з атрыманнем адукацыі і прымусовых шлюбаў. Менавіта жанчыны становяцца галоўнымі ахвярамі гандляроў людзьмі, нагадаў прадстаўнік Святога Пасаду. Ён падкрэсліў, што Апостальская Сталіца заклікае прыкласці больш намаганняў дзеля абароны іх правоў.

Арцыбіскуп Чулікат пераканы, што міжнародная супольнасць павінна цалкам адмовіцца ад ідэі, што дэфіцыт ў эканамічнай і публічнай сферах можа паменьшыцца дзякуючы абмежаванню пракрэатыўнай здольнасці жанчыны. Іерарх нагадаў таксама пра неабходнасць гарантавання жанчынам магчымасці рэалізацыі іх мацярынства.








All the contents on this site are copyrighted ©.