2014-02-07 15:16:30

Папа да польскіх біскупаў: клапаціцца пра сем'і, моладзь і пакліканні


RealAudioMP3 7 лютага 2014 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі біскупаў з Польшчы, якія прыбылі ў Рым з візітам “ad limina Apostolorum”. Іерархам Пантыфік "з пакорай" перадаў тэкст сваёй прамовы ў якой нагадаў пра важнасць еднасці паміж членамі епіскапата, неабходнасць клопату пра сем’і, моладзь, спрыянне пакліканням да святарства і манаства, а таксама дапамогу бедным. У першую чаргу Святы Айцец падкрэсліў, што сустрэча праходзіць у “вігілію” кананізацыі бл. Яна Паўла ІІ, які быў “вялікім пастырам” і даў “яскравы прыклад поўнага аддання Богу і Яго Маці, прысвячэння Касцёлу і чалавеку”. Паводле Папы, Ян Павел ІІ нагадвае “наколькі важным з’яўляецца духоўная і душпастырская камунія паміж біскупамі”. “Няхай нішто і ніхто не чыніць падзелаў паміж вамі, браты! Вы пакліканы будаваць камунію і адзінства ўкаранёныя ў братэрскай любові, і даваць усім умацоўваючы прыклад. І канешне такая пазіцыя будзе плённай і дасць вашаму вернаму народу сілу надзеі”, - напісаў ён.

Святы Айцец адзначыў, што Касцёл у Польшчы мае вялікі патэнцыял веры, малітвы, любові і хрысціянскай практыкі. Ён заклікаў да праніклівасці і пошуку адказу на новыя выклікі, звязаныя з ідэяй бязмежнай свабоды, варожай ці недаверлівай талерантнасці да праўды ці незадававоленасцю апазіцыяй Касцёла да пануючага рэлятывізма.

Пантыфік вылучыў некалькі аспектаў, якія патрабуюць асаблівай увагі біскупаў. У першую чаргу гэта праблемы сем’яў. “Сёння сужэнства часта лічыцца нейкай формай пачуццёвага задавальнення, якая можа будавацца любым чынам ці змяняцца паводле чуласці кожнага. Нажаль гэта бачанне мае ўплыў на ментальнасць хрысціян, правакуючы лёгкі зварот да разводу ці фактычнага разлучэння”, напісаў ён.

Папа заклікаў душпастыраў спытаць сябе, якім чынам дапамагчы тым, хто жыве ў такіх сітуацыях, каб не адчувалі сябе пазбаўленымі Божай міласэрнасці, братэрскай любові іншых хрысціян і клопату Касцёла аб іх збаўленні; аб тым як дапамагчы ім, каб не пакінулі веры і выхоўвалі сваіх дзяцей ў поўні хрысціянскага досведу.

Францішак адзначыў важнасць паляпшэння падрыхтоўкі моладзі да сакрамэнту сужэнства, каб яна дапамагала ім пераадольваць і перажываць цяжкасці. Касцёльныя супольнасці павінны стаць “месцам слухання, дыялога, суцяшэння і падтрымкі сужэнстваў”, а пастыры “сапраўднымі айцамі і духоўнымі кіраўнікамі”.

Кажучы пра душпастырства моладзі Святы Айцец заклікаў выходзіць насустрач яе глыбокім сардэчным жаданням праз шырокія магчымасці катэхезы, прадстаўлення сакрамэнтаў, у якасці месца сустрэчы з Езусам, заахвочванне да ўдзелу ў рухах, парафіяльных групах, валантарыяце і місіянерстве.

Францішак адзначыў важнасць гарантавання добрай падрыхтоўкі кандыдытаў да святарства, асвечанай місійным духам, які павядзе шукаць людзей “нават на перыферыях і набліжаць тых, хто чакае Добрай Навіны да Хрыста”. Пантыфік заклікаў мець “фантазію міласэрнасці” і памятаць пра бедных і сем’і, якія не маюць дастаткова сродкаў на выхаванне дзяцей.








All the contents on this site are copyrighted ©.