2014-02-07 09:56:47

Нечакана вялікая колькасць заручаных жадае сустрэцца з Папам


RealAudioMP3 Каля 17 тыс. маладых пар, якія рыхтуюцца да прыняцця сакрамэнту сужэнства, сустрэнуцца з папам Францішкам 14 лютага 2014 г., ва ўспамін св. Валянціна. Колькасць жадаючых прыняць удзел у мерапрыемстве пад назвай “Радасць “так”, сказанага назаўсёды” у некалькі разоў перавысіла прагнозы арганізатараў падзеі, таму Пантыфіку было прапанавана перанесці мерапрыемства з ватыканскай Залы Паўла VI на плошчу св. Пятра. Папа Францішак пагадзіўся, тлумачыцца ў спецыяльным паведамленні апублікаваным на сайце Папскай рады па справах сем’яў.

Паведамляецца, што ў сустрэчы прымуць удзел маладыя пары не толькі з Італіі, але з многіх іншых краін свету. Рэгістрацыя для ўдзелу ў мерапрыемстве была працягнута да 12 лютага. Яе можна зрабіць праз адказных за душпастрыства сем’яў пры дыяцэзіях, сакратарыяты рухаў, асацыяцый ці непасрэдна напісаўшы электроннае паведамленне на адрас ватыканскай дыкастэрыі, гаворыцца ў паведамленні.

Стала вядома таксама, што сустрэча заручаных пачнецца з праслухоўвання разважанняў і сведчанняў. Затым да іх звернецца Святы Айцец.

Аб мерапрыемстве абвясціў яшчэ 20 снежня 2013 г. старшыня Папскай рады па справах сем’яў арцыбіскуп Вінчэнца Палья. Падзея з’яўляецца часткай падрыхтоўкі да Надзвычайнай асамблеі Сінода Біскупаў, прызначанай папам Францішкам на кастрычнік 2014 г. і прысвечанай выклікам у душпастрыстве сем’яў у кантэксце евангелізацыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.