2014-02-06 12:16:07

Пасланне Папы на Сусветны дзень моладзі: евангельская беднасць для пашырэння Божага Валадарства


RealAudioMP3 Быць свабоднымі ад матэрыяльных рэчаў і ўважлівымі да бедных, вучыцца ў іх мудрасці – вось шлях да таго, каб стаць па-сапраўднаму “убогімі духам”. Першаму евангельскаму благаслаўленню – “Шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае” – прысвечана пасланне папы Францішка на Сусветны дзень моладзі, які будзе адзначацца на дыяцэзіяльным узроўні 13 красавіка 2014 г. Зварот Пантыфіка да маладых вернікаў быў апублікаваны 6 лютага 2014 г.. У ім Папа звярнуў увагу на “рэвалюцыйную сілу” благаслаўленняў. З іх дапамогай Езус заклікае наследаваць Яго, прайсці разам з Ім шлях любові – “адзіны, які вядзе да вечнага жыцця”. Нягледзячы на тое, што гэты шлях “нялёгкі” Пан не пакіне тых, хто на яго становіцца, перакананы Папа. “Беднасць, нягоды, прыніжэнні, барацьба за справядлівасць, цяжар штодзённага навяртання, барацьба за жыццё пакліканнем да святасці, пераслед і многія іншыя выклікі прысутныя ў нашым жыцці. Але, калі адчынім дзверы Езусу, калі дазволім, каб Ён быў у нашай гісторыі, калі падзелімся з Ім радасцямі і болем, адчуем спакой і радасць, якія толькі Бог – бясконцая любоў, можа даць”, - напісаў Святы Айцец.

Евангельскія благаслаўленні – гэта вар’яцтва для свету, які ўзвышае поспех любым коштам, дабрабыт, надмернасць улады, самасцвярджэнне коштам іншых. Перад абліччам гэтых выклікаў Францішак заклікаў моладзь не баяцца сказаць “так” Езусу, каб “маладое жыццё напоўнілася сэнсам і стала плённым”. Святы Айцец запрасіў не задавальняцца “малым”, а марыць аб “вялікім” – “пашыраць свае сэрцы”. “Моладзь, якая выбірае Хрыста – моцная; яна насычаецца Яго Словам, а не “ап’яняецца” іншымі рэчамі. Майце адвагу ісці супраць плыні. Майце адвагу на сапраўднае шчасце. Скажыце “не” культуры марнасці, павярхоўнасці і адходаў, якая не зробіць вас здольнымі прыняць адказнасць і адказаць на вялікія жыццёвыя выклікі!”, - заклікаў Пантыфік.

Гаворачы пра тэму Сусветнага дня моладзі, Францішак прапанаваў задумацца: што значыць быць “убогімі духам”. Паводле Папы, зразумець значэнне гэтага выразу можна паглядзеўшы на Езуса – Сына Божага, якія стаў чалавекам, абраўшы беднасць і пазбавіўшыся хвалы.

Такім чынам, каб жыць благаслаўленнямі, на думку Пантыфіка, па-першае, неабходна стаць свабоднымі ад матэрыяльных рэчаў, па-другое, трэба змяніць свае адносіны да бедных, не быць абыякавымі да іх. “Не будзем напаўняць вусны прыгожымі словамі пра бедных! Будзем сустракацца з імі, паглядзім ім у вочы, выслухаем. Бедныя для нас – гэта канкрэтная магчымасць сустрэць самаго Хрыста, дакрануцца да Яго пакутуючага цела”, - адзначыў Папа. Заклік Пантыфіка тычыўся таксама неабходнасці “навучыцца ад бедных мудрасці”, бо яны – нашы настаўнікі. “Яны навучаюць, што чалавек цэніцца не за тое, чым валодае, не за тое, колькі мае на банкаўскім рахунку. Бедны – гэта чалавек пазбаўлены матэрыяльных дабротаў, заўсёды захоўвае сваю годнасць”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Францішак заўважыў сувязь, якая існуе паміж дэвізам Сусветных дзён моладзі, што прайшлі ў Рыа-дэ-Жанейра ў 2013 г. – “Ідзіце і навучайце ўсе народы” – і дэвізам Сусветнага дня моладзі 2014 г. – “Шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае”. “Пан жадае беднага Касцёл, які евангелізуе бедных”, - адзначыў Папа і нагадаў заклік Езус да вучняў: “Не бярыце з сабой ні золата, ні срэбра, ні медзі ў паясы свае...”. “Евангельская беднасць – гэта фундаментальная ўмова пашырэння Божага Валадарства. Самая цудоўная і спантанная радасць, якую я бачыў на працягу жыцця – была ў бедных людзей, якім не было да чаго прывязвацца”, - сказаў Папа і дадаў, што “евангелізацыя ў наш час будзе магчыма толькі праз захапленне радасцю”.








All the contents on this site are copyrighted ©.