2014-02-06 13:06:00

Папа Францішак пра таямніцу смерці


RealAudioMP3 Таямніца смерці была ў цэнтры ўвагі папы Францішка падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Доме св. Марты 6 лютага 2014 г. Каментуючы першае літургічнае чытанне, у якім гаворка ідзе пра смерць караля Давіда, Пантыфік заклікаў вернікаў прасіць у Бога аб трох ласках: памерці ў еднасці з Касцёлам, у надзеі і пакінуўшы пасля сябе спадчыну хрысціянскага сведчання. Святы Айцец паставіў у прыклад караля Давіда, які, хоць і быў грэшнікам, не стаў здраднікам – ён да канца заставаўся са сваім народам. Гэта важна таксама і для сучасных хрысціян – да канца заставацца ў Касцёле – нават будучы грэшнікамі, не станавіцца сапсаванымі, памятаць, што Касцёл – гэта Маці, якая ачышчае.

Францішак заўважыў, што Давід памёр ў спакоі і з упэўненасцю, што будзе спачываць з айцамі сваімі. У сувязі з гэтым, ён заклікаў прасіць Бога аб ласцы смерці з надзеяй на тое, што “па іншы бок нас чакаюць, па іншы бок таксама ёсць працяг дома, працяг сям’і”, адсутнічае самота.

Папа звярнуў увагу, на тое, што пасля смерці Давід пакінуў у спадчыну “40 гадоў панавання” і “кансалідаваны і аб’яднаны народ”. Ён адзначыў, што для хрысціян самай каштоўнай спадчынай з’ўляецца сведчанне, якое яны давалі ў жыцці і якое перадададуць нашчадкам. “Падумаем пра святых, якія жылі Евангеллем з вялікай сілай, якія пакінулі нам у спадчыну жыццёвы шлях і спосаб жыцця”, - заклікаў Пантыфік.








All the contents on this site are copyrighted ©.