2014-02-06 11:33:25

Ватыканскі дыпламат: заўвагі ААН супярэчаць Канвенцыі аб правах дзіцяці


RealAudioMP3 Апостальская Сталіца са здзіўленнем прыняла Заключныя заўвагі Камітэта ААН па правах дзіцяці, прадстаўленыя 4 лютага 2014 г. у Жэневе, адзначыў Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН і іншых міжнародных установах у Жэневе, арцыбіскуп Сільвана Тамазі. У дакуменце ўтрымліваюцца абвінавачванні ў адрас Святога Пасаду, звязаныя з сексуальнымі злачынствамі прадстаўнікоў духавенства. Камітэт сцвердзіў, што Апостальская Сталіца працягвае парушаць канвенцыю аб правах дзіцяці, а таксама абрынуўся з крытыкай на пазіцыю Касцёла адносна гомасексуалізма, кантрацэпцыі і абортаў.

Пастаянны назіральнік выказаў меркаванне, што дакумент быў падрыхтаваны яшчэ перад сустрэчай Камітэта з дэлегацыяй Святога Пасаду і не быў дапоўнены. Апостальская Сталіца “прадставіла дакладныя адказы на розныя пункты, якія не былі ўнесены ў гэты заключны дакумент ці прынамсці не былі ўзятыя пад сур’ёзную увагу”, сказаў ён. Паводле ватыканскага дыпламата, у дакуменце не адзначаны тыя намаганні, якія былі ўзняты Святым Пасадам, Дзяржавай Ватыкан і рознымі епіскапатамі на карысць абароны дзяцей, і якія “цяжка знайсці” у дзейнасці іншых структур ці нават дзяржаў.

Арцыбіскуп Тамазі адзначыў, што некаторыя з абвінавачванняў ААН з’яўляюцца “некарэктнымі” і нават супярэчаць самой Канвенцыі аб правах дзіцяці. “Напрыклад, Канвенцыя ў сваёй прэамбуле кажа аб абароне жыцця і абароне дзіцяці перад і пасля нараджэння, у той час як у бок Апостальскай Сталіцы робіцца парада – змяніць пазіцыю па пытанні абортаў!”, - заўважыў іерарх. “Калі дзіця забіваецца – яно не мае больш правоў”, - падкрэсліў ён і дадаў, што ў гэтым галоўная супярэчнасць з фундаментальнымі мэтамі Канвенцыі – бараніць дзяцей.

Дыпламат лічыць, што Камітэт па правах дзіцяці не аказвае “вялікай паслугі” ААН спрабуючы прымусіць Святы Пасад адмовіцца ад свайго навучання. Тым не менш, Апостальская Сталіца намерана працягваць канструктыўны і адкрыты дыялог, ёй няма чаго хаваць, і гатова працягваць даваць адказы на пытанні, неабходныя для дасягнення галоўнай мэты – абароны дзяцей, адзначыў арцыбіскуп Тамазі ў інтэрв’ю Ватыканскаму радыё.

Гаворачы пра прычыны негатыўнага характару заўвагу ААН і іх “ідэалагізаванай лініі”, іерарх выказаў меркаванне, што гэта можа быць звязана з уплывам неўрадавых арганізацый, да сферы інтарэсаў якіх адносяцца пытанні гомасексуалізму і іншыя.








All the contents on this site are copyrighted ©.