2014-02-06 12:18:51

Беларусь: духоўная літаратура запатрабавана ў сучаснага чытача


RealAudioMP3 21-ы раз сталіца Беларусі стала і літаратурнай сталіцай Еўропы. У Мінску працягвае сваю працу Міжнародная кніжная выстава-кірмаш. І ўжо роўна 10 гадоў сярод нязменных удзельнікаў – каталіцкае выдавецтва “Pro Christo”. Каля гэтага стэнду – заўсёды шмат наведвальнікаў. Не выпадкова: у экспазіцыі, як кажуць, літаратурныя навінкі – кнігі, якія выйшлі ў свет у 2013 г. А гэта ні многа, ні мала – 25 новых выданняў.

Адно з тых, што выклікала найбольшую зацікаўленасць (і гэта было прадказальна) – Энцыкліка Святога Айца Францішка “Святло веры” – пасланне Пантыфіка духавенству і ўсім вернікам у свеце, якое ў Год веры павінна было ўмацаваць у веры сваіх адрасатаў, шмат якіх знайшлося і ў Беларусі, паведаміла Аліна Новікава, дырэктар выдавецтва “Pro Christo”. “Гэта першая энцыкліка папы Францішка, і выйшла яна на беларускай мове. Дакумент адлюстроўвае менавіта праблемы веры сучаснага чалавека. І таму вялікая зацікаўленасць ёсць сярод навучэнцаў катэхетычнага каледжу, іншых студэнтаў. І сапраўды, сама асоба Святога Айца Францішка да гэтага пабуджае”, - сказала яна.

Увогуле, 2013 год для Каталіцкага Касцёла быў багатым на значныя падзеі і гістарычныя даты, якія не маглі не знайсці адлюстраванне і на старонках духоўнай літаратуры. “Аддаць жыццё сваё за братоў” – брашура, выдадзеная з нагоды 70-й гадавіны мучаніцкай смерці кс. Вітальда Івіцкага. Ці, напрыклад, нарыс Язэпа Янушкевіча да 75-й гадавіны кананізацыі св. Андрэя Баболі – святара, які ў XVII ст. прыняў мучаніцкую смерць. Кніга блізкая да сенсацыі. У ёй змешчаны дзве арыгінальныя паэмы пра святога, а шматгадовая праца даследчыка дазволіла зрабіць выснову, што іх найбольш верагодным аўтарам з’яўляецца Янка Купала.

Вось на паліцы і твор зусім іншага роду – “Будслаў – прызнанне ў любові”. У час падрыхтоўкі да святкавання ўрачыстасці 400-годдзя прыбыцця Будслаўскай іконы вернікі Беларусі дасылалі свае ўласныя творы, прысвечаныя Маці Божай, святому месцу і цудадзейнаму абразу. Народная творчасць вылілася ў цэлую кнігу, годную міжнароднай выставы, адзначыла Крыстына Лялько, галоўны рэдактар часопіса “Ave Maria”. “Для людзей гэта вельмі важна, бо яны маліліся сваімі вершамі і творамі. Мы думалі, што будзем друкаваць толькі ў часопісе, але творы выйшлі за рамкі часопіса, і мы надрукавалі кнігу. А на ўрачыстасцях у Будславе прайшоў конкурс, і мы як узнагароду ўручалі гэту кнігу. Мы рады, што цяпер можам прадставіць яе на міжнароднай выставе і прапанаваць нашым чытачам”, - сказала пісьменніца.

А прапанаваць ёсць яшчэ шмат чаго – на любы густ і ўзрост: для дзяцей –кніга ксяндза Яна Твардоўскага “Першая Камунія з белым бантам” у перакладзе з польскай мовы Ірыны Жарнасек, кніга Ленэ Майер Скуманц “І няхай сабе вераб’і чырыкаюць” пра святога Яна Боско, для дарослых – малітвы падчас розных жыццёвых цяжкасцяў, кніга езуіцкага святара філосафа Юзафа Аўгустына “Чвэрць гадзіны шчырасці”, для зацікаўленых маральнай тэалогіяй – кніга дамініканіна Сэрве-Тэадора Пінкерса “Католическое нравоучение”. Запатрабаванасць у духоўнай літаратуры не сціхае, а наадварот, год ад года толькі расце, падкрэсліла Аліна Новікава. “Цікавасць не знікае, яна наадварот прымушае нас шукаць новыя тэмы і новыя выданні. Вельмі шмат патрабаванняў. Цікавіць гісторыя рэлігіі, маральныя пытанні, шмат людзей просіць літаратуру, якая б была прысвечана розным праблемам сям’і. Шмат пытанняў, якія існуюць у сучасным свеце і якія чалавек жадае вырашыць часта без Бога, але без Бога гэтыя пытанні не вырашыць”, - падкрэсліла дырэктар выдавецтва “Pro Christo”.

Зрабіўшы справаздачу за мінулы год (экспазіцыю на выставе можна і так назваць), выдавецтва ўжо загружана працай на гэты. Першымі кнігамі, якія з’явяцца ў новым годзе, будуць “Дзённік” святой Фаўстыны Кавальскай ў перакладзе на беларускую мову пісьменніцы і перакладчыцы Крыстыны Лялько, і кніга святога Хосэмарыі Эскрывы на беларускай мове “Гэта Хрыстус праходзіць”. Да 100-годдзя з дня нараджэння першага кардынала Беларусі Казіміра Свёнтка, якое сёлета адзначаецца, рыхтуецца кніга ўспамінаў пра знакамітага Сведку веры, а таксама выданне ўнікальнага альбому фотаздымкаў прыроды Палесся, якія зрабіў некалі ён сам. Да 25-годдзя біскупскага служэння мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча – зборнік яго дакладаў, гамілій, прамоваў за апошнія гады служэння. Плануецца выхад серыі кніг а. Юзафа Аўгустына, кнігі ў дапамогу сям’і. Зноў жа, значныя падзеі і даты, але таксама і штодзённая размова – важная і глыбокая – з чытачом з дапамогай кнігі. Цікавай, карыснай і галоўнае – той, якая змяняе і навяртае.

Ларыса Абрамчук, Мінск.







All the contents on this site are copyrighted ©.