2014-02-05 12:27:27

У Германіі апублікавалі вынікі анкетавання перад Сінодам Біскупаў


RealAudioMP3 Для католікаў у Германіі навучанне Касцёла па пытаннях сям’і і сексуальнасці не адыгрывае практычна ніякай ролі. Пра гэта сведчаць вынікі апытання, праведзенага мясцовым епіскапатам у рамках падрыхтоўкі да Сінода Біскупаў на тэму душпастырскай апекі сужэнства і сям’і ў кастрычніку 2014 г. Вынікі даследавання ўжо апублікавалі Мюнхенская і Берлінская архідыяцэзіі. Настолькі вялікая розніца паміж навукай Касцёла і жыццём католікаў у Германіі здзівіла нават мясцовыя свецкія СМІ, якія шырока каментуюць гэту тэму. Аналізуючы больш за тысячу старонак адказаў на анкету, разасланую Святым Пасадам да ўсіх епіскапатаў перад Сінодам Біскупаў, нямецкія іерархі прыйшлі да наступнай высновы – навучанне Касцёла ў пытаннях сужэнства і сям’і ўспрымаецца выбарачна.

Для большасці католікаў вобраз сям’і, прапанаваны Касцёлам, занадта ідэалістычны. Касцёльныя дакументы аб сужэнстве нямецкія вернікі ведаюць толькі крыху, для большасці яны не маюць ніякага значэння ў рэальным жыцці. Біскупы сцвярджаюць, што нефармальныя саюзы, у якіх католікі жывуць да шлюбу, з’яўляюцца не толькі часткай душпастырскай рэальнасці, але і дамінуючай формай жыцця. Амаль усе – прыкладна ад 90 да 100 працэнтаў пар, якія просяць аб касцёльным шлюбе – жывуць перад ім некалькі гадоў разам.

У большасці нямецкіх католікаў ёсць праблемы з метадам натуральнага планавання сям’і: нават сярод актыўных і практыкуючых вернікаў ён невядомы, і большасць людзей нават не дэманструе жадання пазнаць гэты метад. У сваю чаргу, нежаданне Касцёла благаслаўляць аднаполыя пары сярод нямецкіх католікаў успрымаецца як дыскрымінацыя.

Епіскапат Германіі ўжо адзначыў, што вынікі не з’яўляюцца рэпрэзентатыўнымі, паколькі даследаванне не праводзілася прафесійнай сацыялагічнай установай. Праблемнай з’яўляецца таксама і метадалогія апытання: у некаторых дыяцэзіях вернікі маглі выказвацца праз інтэрнэт, у іншых анкеты запаўнялі толькі пэўныя групы. Біскупы падкрэсліваюць, што не трэба змяняць вучэння Касцёла, але варта задумацца над акцэнтаваннем некаторых маральных праблем. У святле маючага адбыцца Сіноду Біскупаў яны прапануюць у першую чаргу адмовіцца ад так званай “этыкі забароны”.







All the contents on this site are copyrighted ©.