2014-02-05 11:55:31

Папа: з Эўхарыстыі пачынаецца сапраўдны шлях веры, адзінства і сведчання


RealAudioMP3 З сакрамэнту Эўхарыстыі пачынаецца кожны сапраўдны шлях веры, адзінства і сведчання, адзначыў папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі 5 лютага 2014 г. Нягледзячы на халоднае надвор’е і дождж, на плошчы св. Пятра сабраліся тысячы пілігрымаў. Сваю катэхезу Пантыфік прысвяціў сакрамэнту Эўхарыстыі, які знаходзіцца ў сэрцы “хрысціянскай ініцыяцыі” і разам з хростам і канфірмацыяй складае крыніцу самаго жыцця Касцёла. У першую чаргу, Святы Айцец звярнуў увагу на знешнія атрыбуты, якія суправаджаюць эўхарыстычную цэлебрацыю і дапамагаюць зразумець, што падчас яе адбываецца. “У цэнтры месца, прызначанага для цэлебрацыі, знаходзіцца алтар, які ўяўляе сабой стол, пакрыты абрусам, і гэта нагадвае пра пір. На стале знаходзіцца крыж, які ўказае, што на алтары адбываецца ахвяра Хрыста: гэта Ён – духоўны пасілак, які атрымліваем пад постацямі хлеба і віна. Побач са сталом знаходзіцца амбона – месца, з якога абвяшчаецца Божае слова, што сведчыць аб тым, што тут збіраюцца слухаць Пана, які прамаўляе праз Святое Пісанне. Такім чынам, тут можна атрымаць пасілак і Яго слова”, - сказаў Папа.

Францішак падкрэсліў, што падчас св. Імшы слова і хлеб “становяцца адным”, як і падчас Апошняй Вячэры, калі ўсе словы і жэсты Езуса выразіліся ў дзяленні хлеба і ахвяраванні келіха, прадвеснікаў крыжовай ахвяры, і словах: “Бярыце, ешце, гэта маё цела... Бярыце, піце, гэта мая кроў”. Паводле Папы, гэты жэст Езуса, з’яўляецца найвышэйшай падзякай Айцу за Яго любоў і міласэрнасць. Менавіта на гэта ўказвае і сам тэрмін “эўхарыстыя”, які ў перакладзе з грэцкай мовы азначае “падзяку”.

“Такім чынам, эўхарыстычная цэлебрацыя – гэта больш чым проста пір: гэта ўспамін Пасхі Езуса – цэнтральнай таямніцы збаўлення. “Успамін”, не азначае толькі напаміну, простай узгадкі, але падкрэслівае, што кожны раз цэлебруючы гэты сакрамэнт мы ўдзельнічаем у таямніцы мукі, смерці і ўваскрасення Хрыста. Эўхарыстыя складае вяршыню збаўчай дзейнасці Бога: Пан Езус, становячыся хлебам, пазламаным за нас, вылівае на нас усю сваю міласэрнасць і любоў, каб мы маглі абнавіць нашы сэрцы, наша існаванне, наш спосаб адносінаў да Яго і братоў”, - адзначыў Пантыфік.

Францішак падкрэсліў, што ўдзел у эўхарыстычнай вячэры “выключным і глыбокім чынам робіць нас падобнымі на Хрыста, дазваляючы ўжо зараз адчуць поўнае адзінства з Айцом, якое характарызуе нябесны пір, дзе з усімі святымі будзем мець хвалу сузірання Бога тварам у твар”.

Таму, паводле Святога Айца, вельмі важным для вернікаў з’яўляецца ўдзел у нядзельнай св. Імшы, падчас якой не дастаткова проста маліцца, неабходна таксама прымаць св. Камунію. Эўхарыстыя, на думку Папы, з’яўляецца дарам, каштоўнасць і багацце якога “ніколі не спынімся ўсведамляць”. “Папросім, каб гэты сакрамэнт мог працягваць падтрымліваць у Касцёле жывой прысутнасць Пана і фарміраваць нашы супольнасць у любові і адзінстве, паводле сэрца Айца”, - сказаў Папа.

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі Францішак нагадаў, што 5 лютага Касцёл адзначае ўспамін св. Агаты. Ён пажадаў, каб гераічныя цноты гэтай панны і мучаніцы дапамаглі моладзі зразумець важнасць чысціні і дзявоцтва, хворым – прыняць крыж у духоўнай еднасці з сэрцам Хрыста, а маладым сужонкам – усведаміць ролю жанчыны ў сямейным жыцці.








All the contents on this site are copyrighted ©.