Папа ў пасланні на Вялікі пост пра матэрыяльную, маральную і духоўную галечу
Святы Айцец Францішак
скіраваў сваё першае пасланне на Вялікі пост. Яно было апублікавана 4 лютага 2014
г. і атрымала эпіграф з Другога Паслання да Карынцянаў: “Езус стаў бедным дзеля вас,
каб вы ўзбагаціліся Ягоным убоствам” (8, 9). Пантыфік адзначыў, што хоча “падзяліцца
некаторымі думкамі, якія могуць стаць карыснымі на шляху асабістага і супольнага навяртання”
і ў самым пачатку паставіў пытанне: “Што значыць для нас сёння заклік да беднасці,
да жыцця ў беднасці, у евангельскім сэнсе?”. Словы св. Паўла з эпіграфу, на думку
Папы, дэманструюць “стыль Божага дзеяння”: “Бог аб’яўляе сябе не ў постаці сусветнай
улады і багацця, але слабасці і беднасці”. Крыніцай усяго гэтага з’яўляецца Божая
любоў, якая “робіць падобным, устанаўлівае роўнасць, руйнуе муры і нішчыць адлегласць”.
Езус стаў бедным не для беднасці самой ў сабе, але, “каб вы ўзбагаціліся Ягоным убоствам”.
Гэта не гульня слоў, у гэтым, паводле Францішка, “логіка Божай любові”.
Беднасць,
якой Езус нас вызваляе і ўзбагачае, “гэта яго спосаб любіць нас, яго спосаб быць нашым
бліжнім”, заўважыў Папа і дадаў: “Тым, што дае нам сапраўдную свабоду, сапраўднае
збаўленне і сапраўднае шчасце, з’яўляецца Яго спачувальная любоў, пяшчотная і неабыякавая”.
“Беднасць Хрыста з’яўляецца найвялікшым багаццем”, адзначыў Пантыфік, паколькі заснавана
на Яго “бязмежным даверы да Бога Айца”, “Ён багаты, як дзіця, якое адчувае, што яго
любяць, само любіць сваіх бацькоў, і ніколі ні на імгненне не сумняецца ў іх любові
і пяшчоце”. Багацце Езуса, дадаў Святы Айцец, палягае на тым, што ён – Сын, і гэта
ўнікальная повязь з Айцом з’яўляецца самым высокім прывілеем “гэтага беднага Месіі”.
“Езус заклікае нас узяць на сябе Яго “салодкае ярмо”, каб мы ўзбагацілі сябе Яго “багатай
беднасцю” або “бедным багаццем”, - адзначыў Францішак.
Папа заўважыў, што сёння
многія думаюць, што такі шлях беднасці быў адпаведны для Езуса і зусім не падыходзіць
для іх. “Гэта не так. У кожным часе і месцы Бог па-ранейшаму збаўляе людзей і свет
праз беднасць Хрыста, таму што Ён становіцца бедным у сакрамэнтах, у Слове і сваім
Касцёле, які з’яўляецца народам бедных”, - падкрэсліў ён і дадаў, што “багацце Бога
не можа ўдзяляцца праз наша багацце, але заўсёды і выключна праз нашу беднасць, асабістую
і супольную, якая грунтуецца на сіле Хрыстовага Духа”.
Хрысціяне пакліканы
заўважыць розныя тыпы галечы, ад якіх пакутуюць браты, “дакрануцца да іх рукой, браць
на плечы і прабаваць змякчыць іх праз канкрэтныя дзеянні”, лічыць Пантыфік. Галеча,
гэта не тое ж, што беднасць, заўважыў ён і назваў першую, беднасцю без веры ў будучыню,
без салідарнасці і надзеі.
Папа вылучыў тры тыпы галечы: матэрыяльную, маральную
і духоўную. Першая – гэта тое, што звычайна называюць беднасцю, калі хтосьці жыве
ва ўмовах, недастойных чалавека, без прадуктаў харчавання, вады, гігіены, працы, магчымасці
для развіцця і культурнага прагрэсу. Намаганні Касцёла скіраваны на тое, каб у свеце
перасталі таптаць чалавечую годнасць, справядліва размяркоўвалі рэсурсы.
Не
менш трывожнай, на думку Святога Айца, з’яўляецца маральная галеча, якая робіць чалавека
рабом дрэнных звычак і граху. “Шматлікія сем’і жывуць у тузе, таму што некаторыя з
іх членаў – часта маладыя – аддаліся ў кабалу алкаголю, наркотыкаў, азартных гульняў
або парнаграфіі!”, - адзначыў Папа і дадаў, што многія людзі страцілі сэнс жыцця,
бо былі пазбаўлены перспектыў на будучыню. Такія выпадкі маральнай галечы Папа назваў
ядром самагубства.
Гэта форма галечы, якая вядзе да эканамічнага краху, заўсёды
звязана з галечай духоўнай, якая закранае чалавека, калі той аддаляецца ад Бога і
адпрэчвае Яго любоў. “Калі мы думаем, што мы не маем патрэбы ў Богу, які ў Хрысце
працягвае нам руку, таму што нам здаецца, што мы самадастатковыя, уступаем на шлях
краху. Толькі Бог сапраўды збаўляе і вызваляе”, - падкрэсліў Пантыфік і дадаў, што
Евангелле з’яўляецца рэальным лекам ад духоўнай галечы. “Бог заклікае хрысціян быць
радаснымі вестунамі Евангелля міласэрнасці і надзеі!”, - нагадаў Святы Айцец. Паводле
яго, задача кожнага паслядоўніка Хрыста, абвяшчаць ва ўсіх асяроддзях, што “Бог большы
за нашы грахі і любіць нас бескарысліва і заўсёды”.
Папа Францішак заклікаў
Касцёл да гатоўнасці, асабліва ў час Вялікага посту, несці ўсім, якія жывуць у матэрыяльнай,
маральнай і духоўнай галечы, палымянае сведчанне Евангелля, сутнасцю якога з’яўляецца
міласэрная любоў Бога. “Вялікі пост – гэта час самаадрачэння”, - нагадаў Пантыфік
і заклікаў кожнага задумацца аб магчымасці адмовіцца ад чагосьці, каб дапамагчы іншым
і “узбагаціць сваю беднасць”. Ён прызнаўся, што будзе маліцца, каб “кожны вернік і
кожная касцёльная супольнасць маглі плённа перажыць час Вялікага посту.