2014-02-03 12:24:07

На Алімпіядзе ў Сочы будуць служыць каталіцкія капеланы


RealAudioMP3 На Алімпійскіх гульнях у Сочы будуць несці служэнне каталіцкія капеланы. Многія з іх прыбудуць з дэлегацыямі сваіх краін, трое – будуць прадстаўляць Каталіцкі Касцёл у Расіі. Кожны з капеланаў ведае некалькі моў. Усяго ў трох міжканфесійных цэнтрах будзе працаваць каля сотні святароў і валанцёраў. Тут кругласутачна будуць дзяжурыць валанцёры і прадстаўнікі ўсіх традыцыйных рэлігій: праваслаўныя святары, імамы, рабіны, ламы, духавенства каталіцкіх і пратэстанцкіх супольнасцяў. Адну з капліц, размешчаную ў горнай вёсцы, католікі будуць выкарыстоўваць сумесна з праваслаўнымі.

“Малітоўныя пакоі” ужо абсталяваныя. Зрабілі гэта самі святары. У двух з іх устаноўлены алтары, крэслы, ёсць усё неабходнае для набажэнстваў. На сценах вісяць крыжы, абразы Маці Божай Чэнстахоўскай і партрэты папы Францішка. У трэцім пакоі, які будзе выкарыстоўвацца разам з праваслаўнымі, знаходзяцца і аналоі, і некалькі ікон, падсвечнікі. Зрэшты, ёсць усё неабходнае і для здзяйснення св. Імшы. І нават, нязвыклыя для праваслаўных літургічных памяшканняў, складныя крэслы.

Стандарты Міжнароднага Алімпійскага Камітэта абавязваюць арганізатараў даць спартсменам-вернікам і гасцям спаборніцтваў магчымасць для малітвы. У трох Алімпійскіх вёсках будуць дзейнічаць “малітоўныя пакоі” для паслядоўнікаў розных хрысціянскіх канфесій, ісламу, юдаізму, будызму і індуізму. Акрамя таго, у сочынскім каталіцкім храме святых апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша будуць праходзіць спецыяльныя набажэнствы. Плануецца, што там будуць адпраўляць набажэнствы святары з Германіі, Аўстрыі, Паўднёвай Карэі.

З 30 студзеня пачалося засяленне спартсменаў і членаў алімпійскіх дэлегацый у Алімпійскія вёскі. Чым бліжэй да Алімпіяды, тым больш будзе клопатаў у каталіцкіх святароў.

Міхал Гольдзін







All the contents on this site are copyrighted ©.