2014-02-01 13:21:48

Папа заклікаў “Нэакатэхуменальны шлях” да ўдзелу ў камуніі ўнутры мясцовых Касцёлаў


RealAudioMP3 Святы Айцец сустрэўся 1 лютага 2014 г. у Ватыкане са шматтысячнай дэлегацыяй “Нэакатэхуменальнага шляху”. Пантыфік прапанаваў ім, як ён гэта назваў сам, “некалькі простых рэкамендацый”. На думку Францішка, члены каталіцкага руху павінны прыняць усе меры для стварэння і падтрымання “камуніі ўнутры мясцовых Касцёлаў”. Хоць “Нэакатэхуменальны шлях” мае “свой уласны харызмат, сваю ўласную дынаміку”, яго члены павінны “слухаць жыццё Касцёлаў”, у якія яны пасланы для служэння, “ісці разам, як адзіны статак пад кіраўніцтвам Пастыраў мясцовых Касцёлаў”. Менавіта камунія, адзначыў Пантыфік, жыццёва неабходная для “гарантавання адзінства сярод братоў, што складаюць унікальную касцёльную супольнасьць”, часткай якой павінны сябе адчуваць паслядоўнікі “Нэакатэхуменальнага шляху”. Францішак заклікаў не забывацца, што “Дух Божы заўсёды ідзе перад намі”, “нават у самых цяжкадаступных месцах, нават у самых разнастайных культурах”. Адсюль, на думку Святога Айца, “вынікае неабходнасць асаблівай увагі да культурнага кантэксту”, у якім пакліканы працаваць хрысціяне. Важна вывучыць асяроддзе і мову, але “значна больш істотным з’яўляецца абавязацельства “вывучаць” культуру”, “прызнаючы неабходнасць Евангелля, якое прысутнічае ўсюды, і таксама дзеянне Святога Духа, якое Ён здзяйсняе ў жыцці і гісторыі кожнага народа”.

Чарговай рэкамендацыяй Папы стаў заклік “клапаціцца з любоўю адзін пра аднаго, асабліва пра найбольш уразлівых”. “Нэакатэхуменальны шлях”, нагадаў Святы Айцец, гэта “цяжкі шлях”, уздоўж якога брат або сястра могуць сустрэць нечаканыя цяжкасці . “У гэтых выпадках цярплівасць і міласэрнасць з боку супольнасці з’яўляецца прыкметай сталасці ў веры”, - сказаў Папа. Ён дадаў, што свабода кожнага чалавека не павінна быць абмежавана, а члены “Нэакатэхуменальнага шляху” “павінны паважаць канчатковы выбар тых, хто вырашыў шукаць па-за ім іншыя формы хрысціянскага жыцця”.

Папа Францішак заклікаў сабраных у ватыканскай Зале Паўла VI несці ў кожнае месца, асабліва ў найбольш дэ-хрысціянізаванае, Евангелле Езуса Хрыста і пасланне Божай любові да чалавека.

На спатканне ў Ватыкан прыбылі каля 10 тыс. асоб. Падчас яго Святы Айцец благаславіў 17 груп катэхістаў, якія адправяцца з евангелізацыйнай місіяй – “Missio ad gentes” – у розныя краіны, і 75 сем’яў, якія вырушаць на місіі ў шматлікія краіны свету. На сустрэчу з папам Францішкам прыбылі катэхісты з розных краін, рэктары нэакатэхуменальных семінарый, святары і семінарысты, пробашчы і лідэры першых нэакатэхуменальных супольнасцяў у Еўропе.







All the contents on this site are copyrighted ©.