2014-02-01 10:15:19

Ватыканскі іерарх перасцярог ад “сепаратысцкіх тэндэнцый” у Касцёле


RealAudioMP3 Прэфект Кангрэгацыі Веравучэння, нямецкі арцыбіскуп Герхард Людвіг Мюлер, перасцярог мясцовыя Касцёлы ад надужывання рэгіянальных рашэнняў. “Сепаратысцкія тэндэнцыі” нацыянальных біскупскіх канферэнцый, як назваў з’яву іерарх, нанясуць несумненную шкоду Касцёлу, напісаў арцыбіскуп Мюлер у артыкуле для ватыканскай газеты “L’Osservatore Romano”. Асобныя епіскапаты ніколі не павінны кіраваць адвольныя сцвярджэнні, якія рэлятывізуюць “дэфінітыўныя дагматы” Касцёла або яго сакрамэнтальныя структуры, падкрэсліў ён.

Прэфект, які ў гэтым месяцы атрымае годнасць кардынала, перасцярог таксама ад “барацьбы за ўладу” паміж прыхільнікамі цэнтралісцкай і партыкулярысцкай мадэлі ў Каталіцкімі Касцёле. “У канцы застанецца секулярызаваны і палітызаваны Касцёл, які толькі крыху будзе адрознівацца ад няўрадавай арганізацыі”, - напісаў іерарх.

У гэтым кантэксце арцыбіскуп Мюлер паддаў крытыцы “павярхоўных інтэрпрэтатараў” папскага дакументу “Evangelii gaudium”. Гэтыя асобы хочуць прыпісаць Святому Айцу Францішку “рэвалюцыю” у адносінах паміж Папам і біскупамі паўсюднага Касцёла. На самай справе, адзначыў прэфект, Пантыфік толькі нагадаў вучэнне ІІ Ватыканскага Сабору пра калегіяльнасць. Папа з’яўляецца Біскупам Рыма, падкрэсліў арцыбіскуп Мюлер, а не нейкім “ганаровым прэзідэнтам” сусветнай асацыяцыі.

Такія элементы, як мова, культура і нацыя, на думку іерарха, хоць з’яўляюцца сродкамі для распаўсюджвання евангельскага паслання, ніколі не могуць быць канстытутыўным складнікам Касцёла. Ён заснаваны на супольнасці усіх мясцовых Касцёлаў.







All the contents on this site are copyrighted ©.