Францішак: навучанне Касцёла – не абстрактная тэорыя
31 студзеня 2014 г.
папа Францішак прыняў на аўдыенцыі кіраўнікоў і супрацоўнікоў Кангрэгацыі Веравучэння.
Сустрэча была прымеркавана да заканчэння пленарнага пасяджэння гэтай дыкастэрыі, якое
праходзіла ў Ватыкане. Звяртаючыся да прысутных Пантыфік адзначыў важнасць развіцця
і абароны каталіцкай веры і абрадаў, што з’яўляецца непасрэдным заданнем Кагрэгацыі.
“Калі вера ззяе ва ўсёй сваёй прастаце і першапачатковай чысціні, таксама і касцёльная
рэальнасць становіцца месцам у якім жыццё Божае праяўляецца ва ўсім сваім зачараванні
і прыносіць плады. Вера ў Езуса Хрыста, сапраўды, расчыняе сэрцы на Бога, адкрывае
прасторы чалавечага існавання на Праўду, Дабро і Прыгажосць, якія паходзяць ад Яго”,
- сказаў Папа. Святы Айцец заўважыў, што з самага пачатку існавання Касцёла існавалі
спакусы разумець касцёльнае навучанне ў ідэалагічным сэнсе ці абмяжоўваць яго, зборам
абстрактных і выкрышталізаваных тэорый.
“У рэальнасці, навучанне мае адзіную
мэту – служыць жыццю Божага Народа і забяспечваць нашай веры моцны фундамент. Вялікай
з’яўляецца спакуса зрабіць уласнымі дары збаўлення, якія паходзяць ад Бога, каб атаясаміць
іх – магчыма нават з добрымі намерамі – з бачаннем і духам свету”, - падкрэсліў Пантыфік.
Францішак нагадаў членам Кангрэгацыі Веравучэння пра важнасць калегіяльнасці
і дыялога ў працы. Касцёл – гэта адзінства і мы пакліканы спрыяць гэтаму адзінству
на ўсіх узроўнях, перакананы Папа. “Я перакананы, што чым больш калегіяльнасць будзе
станавіцца яскравай прыкметай нашай дзейнасці, тым больш заззяе перад светам святло
нашай веры”, - сказаў ён.
Святы Айцец не пакінуў па-за ўвагай і адну з галоўных
тэмаў, якую члены дыкастэрыі абмяркоўвалі падчас свайго пасяджэння – адносіны паміж
верай і сакрамэнтам сужэнства. Францішак адзначыў яе асаблівую важнасць, у зменлівым
культурным кантэксце сучаснасці.
Папа падзякаваў Кангрэгацыі Веравучэння за
працу па барацьбе з сексуальнымі злоўжываннямі ў Касцёле. “Клапаціцеся пра дзяцей
і моладзь, якія ў хрысціянскай супольнасці заўсёды павінны быць абаронены і падтрыманы
ў чалавечым і духоўным росце”, - сказаў Святы Айцец.