2014-01-31 11:42:36

Папа сустрэнецца з членамі “Нэакатэхуменальнага шляху”


RealAudioMP3 1 лютага 2014 г. папа Францішак сустрэнецца з вялікай групай членаў руху “Нэакатэхуменальны шлях”. Гаворка ідзе пра амаль 10 тыс. чалавек з усяго свету, многія з якіх рыхтуюцца пакінуць свае дамы, каб адправіцца сведчыць аб евангельскім жыцці на розных кантынентах. Сярод прысутных на аўдыенцыі будуць амаль 1500 місіянераў, якія сёлета накіруюцца ў краіны Азіі, Еўропы, Амерыкі і ў Аўстралію. Яны аб’яднаны ў групы, кожная з якіх складаецца з пяці сем’яў, святара, семінарыста і трох законніц, адзначае сённяшняе “L’Osservatore Romano”. Перш чым вырушыць на місію, яны атрымаюць благаслаўленне Святога Айца, які ўжо сустракаўся з Кіка Аргуэлья і Кармэн Эрнандэс – ініцыятарамі “Неакатэхуменальнага шляху”. У 2012 г. вялікую групу членаў гэтага руху прымаў папа Бэнэдыкт XVI. Ён таксама благаславіў іх на місійную дзейнасць. "Нэакатэхуменальны шлях” надае асаблівую ўвагу Азіі, дзе міліярды людзей ніколі ў жыцці не чулі паслання Езуса Хрыста. Сёлета на гэты кантынент адправіцца 17 місійных груп. Гэты накірунак падтрымлівае таксама і папа Францішак, які ўжо адзначыў, што “евангелізацыя ў трэццім тысячагоддзі пройдзе праз Азію”.

“L’Osservatore Romano” падкрэслівае, што мінула ўжо больш за 10 гадоў калі першыя місійныя групы адправіліся ў краіны Еўропы, і сёння плёны іх евангелізацыйнай дзейнасці ўжо відавочны ў Францыі, Германіі, Галандыі, Венгрыі, Украіне.

На сённяшні дзень “Нэакатэхуменальны шлях” дзейнічае ў 124 краінах свету, у тым ліку ў Беларусі. Ён налічвае больш за 20 тыс. супольнасцяў, якія складаюцца з амаль 300 тыс. чалавек.








All the contents on this site are copyrighted ©.