2014-01-30 13:35:38

Святы Айцец: не можна любіць Хрыста без Касцёла


RealAudioMP3 Не можна зразумець хрысціяніна без Касцёла, лічыць Святы Айцец. На яго думку, існуе тры стаўпы, на якіх заснована прыналежнасць да Касцёла: пакора, вернасць і малітва за Касцёл. Падчас ранішняй св. Імшы 30 студзеня 2014 г. Папа спаслаўся на постаць караля Давіда і падкрэсліў, што яго характарызавала “моцнае пачуццё прыналежнасці да Божага народу”. Пантыфік перакананы, што гэта прымушае кожнага католіка задацца пытаннем аб яго пачуцці прыналежнасці да Касцёла. Менавіта сакрамэнт хросту, які ўключае чалавека ў супольнасць вернікаў, нагадаў ён, вызначае факт, што хрысціянін не можа існаваць без Касцёла. Святы Айцец спаслаўся на словы свайго папярэдніка, Паўла VI, які лічыў недарэчнасцю, калі хтосьці казаў, што можна любіць Хрыста без Касцёла. Францішак назваў падобнае меркаванне яшчэ больш моцна – абсурдам. Евангельскае пасланне можна атрымаць толькі ў Касцёле, падкрэсліў Папа. Ён патумачыў, што “sensus ecclesiae”, гэта “проста адчуваць, думаць і жадаць, знаходзячыся ўнутры Касцёла”.

На думку Папы, чалавек непакорны, не можа адчуваць разам з Касцёлам, адчуваць таго, што патрабуе Касцёл. Хрысціянская пакора заснавана на ўсведамленні таго, што “гісторыя збаўлення не пачалася і не скончыцца са мной, калі я памру”, што “мы маленькая частка вялікага народа, які ідзе па шляху Пана”, - лічыць Пантыфік.

Хрысціянін не здольны па-сапраўднаму рэалізаваць сябе без вернасці Касцёлу, яго навучанню, падкрэсліў Святы Айцец і дадаў, што вучань Хрыста пакліканы да спецыяльнага служэння – маліцца за Касцёл. Пантыфік запытаўся прысутных на Эўхарыстыі ў Доме св. Марты, як выглядае іх малітва за Касцёл, і заклікаў прасіць Бога аб паглыбленні свайго пачуцця прыналежнасці да Касцёла.







All the contents on this site are copyrighted ©.