2014-01-28 11:16:37

Святы Пасад заклікае да міру ў Святой Зямлі


RealAudioMP3 Жыць у адзінстве, клапоцячыся адзін пра аднаго, заклікаў кардынал Пітэр Тарксан, старшыня Папскай рады “Iustitia et Pax”. Наш свет характарызуецца глабалізацыяй, якая зрабіла нас бліжэй, скарачаючы адлегласці, але ў той жа час стварыла механізмы індывідуалізму і абыякавасці, якія прывялі нас да прызвычаенасці да цярпення іншых, напісаў ён у сваім пасланні на Міжнародны дзень малітвы за мір у Святой Зямлі, які адзначаецца штогод у апошнюю нядзелю студзеня. Іерарх нагадаў словы папы Францішка, што чалавецтва само ў сабе нясе пакліканне да братэрства, але і драматычную магчымасць яго здрады.

Кардынал з жалем адзначыў, што сёння ў свеце існуе шмат канфліктаў, а абыякавасць, здаецца, стала тым, што валадарыць над людзьмі. Сутыкнуўшыся з такімі сітуацыямі, Касцёл павінен несці любоў Хрыста, выразам якой з’яўляецца малітва за мір. Як браты, хрысціяне павінны ўзняць крык, каб звярнуць увагу палітычных лідэраў на боль чалавецтва, якое пакутуе, лічыць ватыканскі іерарх. Для таго, каб быць у стане прызнаць у іншым свайго брата, клапаціцца пра яго і любіць, трэба змены сэрца і жадання працаваць разам, каб пабудаваць жыццё па-сапраўднаму поўнае і мірнае для ўсіх, перакананы кардынал Тарксан.

Іерах заклікаў маладых людзей, ад якіх залежыць будучыня свету, не баяцца думаць маштабна аб сваім жыцці і жыцці братоў і сясцёр, з якімі Бог ставіць іх побач. Яны, паводле старшыні Папскай рады, павінны быць сведкамі Евангелля і змагарамі за тое, каб мір змог прыйсці ў кожны куток зямлі.







All the contents on this site are copyrighted ©.