2014-01-28 12:04:54

Папа нагадаў вернікам пра “забытую” малітву праслаўлення


RealAudioMP3 Малітва праслаўлення заўсёды прыносіць плёны, нагадаў Святы Айцец. У сваёй гаміліі падчас ранішняй Эўхарыстыі 28 студзеня 2014 г. ён пракаментаваў фрагмент Старога Запавету, у якім апісваецца радасны танец Давіда для Бога, і адзначыў, што, калі мы закрываемся ў фармальнасцях, наша малітва становіцца халоднай і “стэрыльнай”. Малітва Давіда, заўважыў Пантыфік, прымусіла яго “выйсці за рамкі ўсякай стрыманасці” і стала “проста малітвай праслаўлення”. Папа заўважыў, што сучасныя католікі, на жаль, вельмі мала разумеюць і практыкуюць такі “спантанны” спосаб малітвы, думаючы, што гэта характэрная рыса харызматычных рухаў. “Але ты здольны плакаць, калі твая каманда забівае гол, і не здольны спяваць хвалу Пану?”, - задаў пытанне Папа і адзначыў, што Бог заслугоўвае не толькі просьбы ці падзякі з нашага боку, але і праслаўлення.

Святы Айцец прапанаваў запытацца сябе: як выглядае мая малітва хвалы, ці я па-сапраўднаму слаўлю Пана калі малюся падчас св. Імшы “Хвала на вышынях” або “Святы, святы”? Радасць ад праслаўлення Бога, паводле Пантыфіка, цесна звязана са здольнасцю радавацца ў жыцці. “Часам я дзіўлюся, што мы пагарджаем у нашых сэрцах добрымі людзьмі, добрым людам, якія хваляць Пана так, як яны гэта адчуваюць, спантанна, таму што яны не штучныя, незалежныя ад фармальных адносін”, - прызнаўся Францішак. Ён супрацьставіў такіх людзей асобам, “закрытым у фармальнасці малітвы халоднай, з разлікам”. Папа заклікаў вернікаў, сабраных у капліцы Дому св. Марты, браць прыклад з Давіда, які не баяўся і не саромеўся ўсёй сваёй моцай праслаўляць Бога.







All the contents on this site are copyrighted ©.