2014-01-28 10:07:26

Аўстрыйскі кардынал: сустрэча з Папам – вялікі ўрок, як жыць паводле Евангелля сёння


RealAudioMP3 Каля гадзіны 27 студзеня 2014 г. працягвалася спатканне папы Францішка з аўстрыйскімі іерархамі з Венскай касцёльнай правінцыі. Канферэнцыя Біскупаў Аўстрыі знаходзіцца цяпер у Ватыкане з візітам “ad limina Apostolorum”.
Кардынал Крыстаф Шонборн, каментуючы сустрэчу, заявіў аўстрыйскаму каталіцкаму агенцтву “Kathpress”, што яе здамінавала “неверагодна добрая, адкрытая і сяброўская атмасфера”. “Папа з задавальненнем слухаў нас і падзяляў з намі турботы і радасці”, - сказаў арцыбіскуп Венскі.

Францішак пытаўся аб становішчы моладзі ў Аўстрыі, сітуацыі са святарскімі і манаскімі пакліканнямі. Ён падкрэсліў важнасць сям’і, таму што гэта аснова грамадства, і заахвоціў іерархаў трымаць сем’і ў поле зроку, садзейнічаць і падтрымліваць іх, “не асуджаць, але ў першую чаргу, уважліва слухаць і прыглядацца”. Папа падзяліўся сваім досведам з Лацінскай Амерыкі, дзе сітуацыя сужэнства і сям’і яшчэ больш драматычная, чым у Еўропе. Многія жылі разам без шлюбу, тады нараджаліся дзеці і яны заключалі афіцыйнае сужэнства, некаторыя пазней і касцёльнае. Гэта шлях для Касцёла – сур’ёзна паставіцца да такіх людзей, лічыць Святы Айцец.Задача Касцёла – суправаджаць людзей, нават калі няма гатовага рашэння для ўсяго.

Падчас сустрэчы абмяркоўваліся апошнія біскупскія прызначэнні ў Аўстрыі. Папа выказаў задавальненне, што Касцёл у краіне вельмі жывы, хоць колькасць яго членаў зніжаецца.

“Мне вельмі прыемна назіраць, што Францішак як пастыр мабілізуе, асвяжае і абнаўляе Касцёл”, - сказаў кардынал Шонборн. Для яго сустрэча з Папам “стала вялікім урокам аб тым, як жыць паводле Евангелля сёння”.







All the contents on this site are copyrighted ©.