2014-01-27 14:12:57

Святы Айцец прыняў аўстрыйскіх іерархаў у рамках візіту “ad limina Apostolorum”


RealAudioMP3 Пантыфік прыняў 27 студзеня 2014 г. на аўдыенцыі першую групу аўстрыйскіх іерархаў, якія прыбылі ў Рым з візітам “ad limina Apostolorum”. Ён пачаўся раніцай са св. Імшы на магіле апостала Пятра ў ватыканскай базыліцы. Кардынал Крыстаф Шонборн нагадаў, што хрысціяне з самага пачатку збіраліся ў гэтым месцы мучаніцтва і пахавання апостала на малітву. У сваёй гаміліі падчас Эўхарыстыі з усімі членамі Канферэнцыі Біскупаў Аўстрыі іерарх звярнуў увагу на тое, што Касцёл сёння, як і на самым пачатку свайго існавання, сутыкаецца з аднаго боку з радасцю, а з другога – з непрыняццем. “Радасць Евангелля можа быць таксама падставай для пярэчання і варожасці”, - звярнуў увагу кардынал Шонборн.

Ядром хрысціянскага паслання з’яўляецца вера ў міласэрнасць Айца, нагадаў арцыбіскуп Вены, гаворачы пра часта цяжка зразумелы “грэх супраць Святога Духа”. Ён зацытаваў св. Кацярыну Сіенскую, якая казала, што: “Існуе толькі адзін грэх, які не можа быць дараваны, і гэта вера ў тое, што грэх большы за Божую міласэрнасць”. Кардынал заклікаў прыняць пасланне Божай міласэрнасці з адкрытым сэрцам.

Літургія на магіле св. Пятра заўсёды з’яўляецца пачаткам звычайна пяцідзённага візіту “ad limina”. Апрача сустрэчы з Папам, аўстрыйскія іерархі сёння мелі размову з кардыналам Маркам Уэлле, прэфектам Кангрэгацыі па справах Біскупаў. Запланаваны іх візіты ў Папскія рады па справах свецкіх, па інтэрпрэтацыі заканадаўчых тэкстаў, па культуры і пастырству работнікаў сферы аховы здароўя.







All the contents on this site are copyrighted ©.