2014-01-27 12:45:17

Святы Айцец нагадаў пра намашчэнне біскупаў і святароў


RealAudioMP3 Касцёл не можа быць разуметы як выключна чалавечая арганізацыя, розніца палягае на намашчэнні, якое атрымліваюць біскупы і святары сілай Святога Духа для служэння Божаму народу, адзначыў Пантыфік падчас ранішняй Эўхарыстыі 27 студзеня 2014 г. Францішак падзякаваў шматлікім святым святарам, якія аддаюць сваё жыццё ў паўсядзённым служэнні. Каментуючы літургічнае чытанне аб гісторыі абрання Давіда на караля, Святы Айцец заўважыў, што без намашчэння ён быў бы толькі лідэрам палітычнага грамадства пад назвай “Ізраіль”. Менавіта намашчэнне вызначыла абранасць Давіда і яго пасярэдніцтва ў выкананні ўлады ад імя Бога. Пантыфік выкарыстаў аналогію ў адносінах да Касцёла. “Біскупы абіраюцца не толькі ажыццяўляць кіраўніцтва арганізацыяй, якая называецца мясцовы Касцёл, яны намашчаны, маюць намашчэнне Духа Пана. Але ўсе біскупы, усе мы грэшнікі, усе! Але мы намашчаны. І мы ўсе хочам станавіцца больш святымі з дня на дзень, больш вернымі гэтаму намашчэнню”, - сказаў Папа і дадаў, што менавіта гэта “дае адзінства Касцёлу”.

Намашчэнне, - працягнуў Святы Айцец – набліжае біскупаў і святароў да Пана і дае ім радасць і сілу весці людзей, дапамагаць ім, жыць у служэнні Божаму народу. Пантыфік з жалем адзначыў, што сёння так мала гаворыцца аб добрых біскупах і святарах, аб цудоўных ініцыятывах у дыяцэзіях і парафіях. Наадварот, у СМІ дыскусіі вядуцца толькі пра праблемы Касцёла, добрыя рэчы для іх – не навіна. Папа нагадаў прыслоўе аб падаючым у лесе дрэве, якое робіць больш шуму, чым здаровы растучы лес. Ён заклікаў вернікаў не забывацца і маліцца за біскупаў і святароў, “адважных, святых, добрых і верных”, дзякуючы якім развіваецца Касцёл.







All the contents on this site are copyrighted ©.