2014-01-25 13:11:34

У Мінску адбылося біскупскае пасвячэнне


RealAudioMP3 Біскупскае пасвячэнне прайшло сёння ў Мінску. Дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі стаў кс. Юрый Касабуцкі. Урачыстая св. Імша прайшла ў архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, дзе сабраліся вернікі і ўсе іерархі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, у тым ліку Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які ўсяго тыдзен таму атрымаў сакру. Галоўным кансэкратам сёння быў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, сакансэкратарамі – Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і Біскуп Пінскі Антоній Дзям’янка. Напачатку прагучаў гімн да Духа Святога, пасля чаго арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці, Апостальскі нунцый у Беларусі на лацінскай мове зачытаў намінацыйную булу Святога Айца Францішка. У ёй Пантыфік падкрэсліў, што прыслухаўся да просьбаў арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча аб прызначэнні дапаможнага біскупа, каб больш плённа здзяйсняць служэнне ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, улічваючы яе тэрыторыю і колькасць вернікаў.

У гаміліі Мітрапаліт Кандрусевіч падзякаваў папе Францішку за вялікую пашану да Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, адзначыўшы, што прызначэнне новых біскупаў, гэта знак новага часу і новай надзеі. “Біскуп з’яўляецца прадстаўніком, пастаўленым Касцёлам, самім Езусам Хрыстом праз Папу, і ён кіруе Касцёлам. Таму сённяшняя падзея – вельмі значная для Беларусі. Мы будзем дзяліць функцыі з дапаможным біскупам Юрыем Касабуцкім. Часам трэба быць у некалькіх месцах у адзін дзень і гэта вельмі скаладана, немагчыма. Таксама ёсць і іншыя справы, прыходзяць людзі... таму мы падзелім абавязкі”, - растлумачыў іерарх.

Святы Айцец Францішак напрыканцы лістапада прызначыў трох новых біскупаў у Беларусь. І гэта стала сапраўды беспрэцэдэнтнай падзеяй. Як патрабуе ўрачысты абрад, наміната запыталі перад народам, ці хоча ён захоўваць веру і выконваць свае абавязкі – біскуп склаў абяцанні. Прагучала Літанія да Усіх Святых. Іерархі па чарзе ўсклалі рукі на галаву новага біскупа, і прагучала малітва пасвячэння. Кс. Юрыю Касабуцкаму была ўручана кніга Евангелля, ён здабыў таксама адпаведныя атрыбуты – пярсцёнак, мітру і пастарал – адзнакі, якія сімвалізуюць пастырскую ўладу біскупа – наступніка Апосталаў.

У інтэрвь’ю дапаможны біскуп падзяліўся сваім бачаннем, якім павінен быць біскуп і якія задачы ён асабіста ставіць сёння перад сабой. “Перш за ўсё, біскуп павінен быць сябрам, не павінен быць дэспатам, не павінна быць вялікай адлегласці паміж біскупам і іншымі людьмі. Я спадзяюся, усё так і застанецца і нічога не зменіцца. Мы будзем разам несці слова Божае, толькі разам мы зможам паказаць усю прыгажосць Валадарства Пана. Сапраўды, сучасны чалавек патрабуе Божай падтрымкі і я буду старацца несці Евангелле людзям. У гэтым бачу задачу свайго служэння”, - сказаў біскуп Юрый Касабуцкі.

Мінска-Магілёўская архідыяцэзія з’яўляецца роднай для Юрыя Касабуцкага, нарадіўся ён у Маладзечне. Скончыў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне, ступень ліцэнцыята тэалогіі атрымаў у Люблінскім каталіцкім універсітэце. Нёс служэнне і ў Магілёве, выкладае ў Вышэйшай междыяцэзіяльнай семінарыі ў Пінску і тэалагічным каледжы імя св. Яна Хрысціцеля ў Мінску, апошнія 7 гадоў з’яўляўся пробашчам мінскай парафіі Найсвяцейшай Тройцы.

Сёння павіншаваць новага біскупа прыйшлі родныя, блізкія, яго аднакурснікі і студэнты. “Ксёндз біскуп – добры сябра, так было ў семінарыі і так ёсць у святарскім жыцці. Сёння тут у катэдры больш за 10 чалавек – аднакурснікаў, усе мы вучыліся разам. Мы аднадумна жадаем шмат сіл у нялёгкай працы. Бог, які абраў яго на гэтую пасаду, яго не пакіне. Жадаем трываць у веры і чэрпаць сілы з верай у Хрыста”, - павіншаваў біскупа аднакурснік, кс. Дзмітрый Барыла.

“Мы вельмі ўдячны Богу і папе Францішку за гэты выбар. Нам вельмі прыемна, што кс. Юрый Касабуцкі стаў біскупам. Мы чэрпалі веды ад яго і спадзяемся, што і далей будем атрымоўваць духоўную падрымку і веды ад новага біскупа”, - падзялілася ўражаннямі Ірына Пушкарэвіч, студэнтка тэалагічнага каледжу.

“Трываць у Хрысце” – гэты дэвіз узяў новы біскуп. Сёння ён разам з усімі адзнакамі і правамі біскупа артымаў і абавязкі – быць сведкам Хрыста, абвяшчаць Божае слова, і галоўнае – несці адказнасць не толькі перад Кацёлам мясцовым, але і Паўсюдным. Біскупу Юрыю Касабуцкаму амаль 44 гады, дарэчы, праз тры тыдні ён сустрэне свой чарговы дзень нараджэння – ужо ў новай якасці. На заканчэнне св. Імшы ён удзяліў прысутным сваё першае біскупскае благаслаўленне.

Ларыса Абрамчук, Мінск








All the contents on this site are copyrighted ©.