2014-01-25 13:02:24

Папа да жанчын: дзейнасць у жыцці грамадства – важная, але не забываць пра ролю ў сям’і


RealAudioMP3 25 студзеня 2014 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі ўдзельніц нацыяльнага кангрэса “Італьянскага жаночага цэнтра” – асацыяцыі, якая дзейнічае ў грамадскай, сацыяльнай і культурнай сферах спрыяючы салідарнай дэмакратыі і павазе да правоў і годнасці чалавека, згодна з духам хрысціянскіх прынцыпаў, італьянскіх і міжнародных прававых нормаў. Члены “Жаночага цэнтра” называюць сябе “асацыяцыяй жанчын, верніц, грамадзянак”. Іх арганізацыя была заснавана ў кастрычніку 1944 г. і сёлета адзначыць 70-годдзе сваёй дзейнасці. Звяртаючыся да прысутных на аўдыенцыі папа Францішак падзякаваў ім за сведчанне аб ролі жанчыны ў жыцці грамадства і Касцёла, а таксама за працу ў адукацыйнай і грамадскай сферах. Францішак нагадаў, пра асаблівую жаночую “чуласць і інтуіцыю да іншых, слабых і безабаронных”. Ён выказаў задавальненне з таго, што шматлікія жанчыны, “падзяляюць душпастырскую адказнасць са святарамі ў суправаджэнні асобаў, сем’яў і групаў, а таксама ў тэалагічным разважанні”. Акрамя таго, Папа пажадаў, “каб павялічылася прастора для больш шырокай і актыўнай жаночай прысутнасці ў Касцёле”.

Святы Айцец, аднак падкрэсліў, што дзейнасць жанчын у публічнай сферы, не павінна прывесці да забыцця аб “неад’емнай ролі жанчыны ў сям’і”. “Дары пяшчотнасці, асаблівай чуласці і ласкавасці, якімі багата жаночая душа, з’яўляюцца не толькі сапраўднай сілай для жыцця сем’яў, для распаўсюджвання атмасферы супакою і гармоніі, але таксама рэчаіснасцю, без якой пакліканне чалавека не магло б рэалізавацца”, - сказаў Папа. Пантыфік дадаў, што “прысутнасць жанчыны ў хатнім асяродку з’яўляецца як ніколі неабходнай” для “перадачы будучым пакаленням моцных маральных прынцыпаў і самой веры”.

Звяртаючыся да жанчын, Святы Айцец заклікаў іх прабываць у пастаяннай малітве, дыялогу з Богам і Яго словам, удзельнічаць у сакрамэнтах, што дапаможа зрабіць гарманічнай іх прысутнасць ў грамадскай, касцёльнай і сямейнай сферах.








All the contents on this site are copyrighted ©.