2014-01-24 10:11:24

Кардынал прадставіў Папе вынікі даследавання “меджугорскага пытання”


RealAudioMP3 Папа Францішак прыняў 23 студзеня 2014 г. былога Папскага вікарыя для Рымскай дыяцэзіі, кардынала Каміла Руіні. Гэта сустрэча была звязана з так званым “пытаннем Меджугор’я”, пілігрымковага месца ў Босніі і Герцагавіне. Камісія пад кіраўніцтвам італьянскага іерарха, якая апошнія тры гады займалася гэтай праблематыкай, правяла 17 студзеня 2014 г. сваё апошняе пасяджэнне. Яна ад імя Кангрэгацыі Веравучэння павінна была даследаваць падзеі ўнутры і вакол Меджугор’я. Размова не ішла толькі аб сапраўднасці марыйных аб’яўленняў, але і аб духоўным жыцці ў гэтым месцы. Камісія перадала вынікі сваіх даследаванняў кампетэнтным інстанцыям Кангрэгацыі Веравучэння, на іх падставе будзе прынята рашэнне.

Аб’яўленні ў Меджугор’і пачаліся 24 чэрвеня 1981 г. Шэсць дзяцей заявілі ў той час, што Божая Маці паказалася ім. Аб’яўленні працягваюцца да гэтага часу. Баснійская Канферэнцыя Біскупаў у 1991 г. забараніла афіцыйныя пілігрымкі ў Меджугор’е, а ў 2010 г. звярнулася да Святога Пасаду з просьбай стварыць спецыяльную камісію. У яе ўвайшлі кардыналы, біскупы, святары і свецкія спецыялісты ў розных галінах навукі і медыцыны. У снежні 2012 г. Бэнэдыкту XVI ужо былі прадстаўлены першыя вынікі яе дзейнасці.

Трэба адзначыць, што ў 1996 г. Апостальская Сталіца выдала спецыяльны дакумент з тлумачэннямі адносна справы Меджугор’я. У ім падкрэслівалася, што канчатковае рашэнне аб сапраўднасці аб’яўленняў яшчэ не прынята і даследаванні ў гэтай справе працягваюцца. Не гледзячы на гэта, Святы Пасад не забараняе прыватных пілігрымак у Меджугор’е, якія, аднак, павінны адбывацца ў суправаджэнні святароў. Яны не могуць быць звязаны з ушанаваннем месцаў аб’яўленняў, бо іх сапраўднасць не пацверджана Касцёлам, але выключна з ушанаваннем Панны Марыі, што не супярэчыць каталіцкаму навучанню.







All the contents on this site are copyrighted ©.