Аўстрыйскі кардынал пра спосабы вырашэння сітуацыі з разведзенымі
Кардынал Крыстаф Шонборн
спадзяецца, што Каталіцкі Касцёл пад кіраўніцтвам папы Францішка знойдзе новыя спосабы
вырашэння сітуацыі католікаў, якія развяліся і нанова ажаніліся, каб тыя не адчувалі
сябе адчужанымі з супольнасці. Ідэалам застаецца сужэнская вернасць на працягу ўсяго
жыцця, адзначыў іерарх, у той жа час, на яго думку, у цэнтры хрысціянскай веры стаіць
міласэрнасць і прабачэнне. Папа так шмат кажа пра міласэрнасць, што я ўпэўнены, што
будзе знойдзены новы спосаб дапамагчы разведзеным, сказаў кардынал і дадаў, што не
існуе нейкага простага рэцэпту. Але адно ясна, лічыць арцыбіскуп Вены, Касцёл павінен
заняцца больш шчыльна людзьмі, якія перажылі няўдалыя сужэнствы, і працягнуць ім руку
дапамогі. Ніхто не можа мець пачуцця, што “яго шлях у супольнасці веры Каталіцкага
Касцёла завершаны, таму што ён развёўся”, падкрэсліў іерарх.
Кардынал
упэўнены, што наступны Сінод Біскупаў, прысвечаны тэме сям’і, знойдзе новыя шляхі
для лепшага і больш чалавечага абыходжання з католікамі, якія развяліся і заключылі
новыя саюзы.