2014-01-23 13:46:01

Святы Пасад у ААН пра выклікі на Блізкім Усходзе


RealAudioMP3 Прадстаўнік Святога Пасаду ўзяў удзел у дэбатах, якія прайшлі ў сядзібе ААН у Нью-Ёрку 20 студзеня 2014 г., на тэму сітуацыі на Блізкім Усходзе. Тэкст прамовы арцыбіскупа Фрэнсіса Чуліката Апостальская Сталіца абнародавала 23 студзеня.
Іерарх падкрэсліў, што аднаўленне мірных перамоваў паміж ізраільцянамі і палестынцамі ўяўляе сабой пазітыўнае развіццё і нагадаў нядаўнія словы папы Францішка, што абодва бакі павінны, пры падтрымцы міжнароднай супольнасці, прымаць смелыя рашэнні.

Ватыканскі дыпламат нагадаў, што Святы Пасад тэрмінова і неаднаразова выказваў сваю занепакоенасць мірам і дабрабытам усіх народаў Блізкага Усходу і нагадаў заклік Пантыфіка да малітвы і посту ў інтэнцыі Сірыі. Ён выказаў надзею, што канферэнцыя “Жэнева-2” стане падставай “да аднаўлення разважанняў аб крытэрыях, неабходных, каб прапанаваць новы старт для гэтай выдатнай нацыі”. Папа неаднаразова заклікаў міжнародную супольнасць не стаяць у баку ад праблем бежанцаў, многія з якіх – хрысціяне. Іх зыход з’яўляецца таксама прычынай нестабільнасці на Блізкім Усходзе, падкрэсліў арцыбіскуп Чулікат. Ён нагадаў занепакоенасць Пантыфіка праблемамі ў Ліване і Іраку.

Прадстаўнік Святога Пасаду адзначыў, што выклікі на Блізкім Усходзе з’яўляюцца для Арганізацыі Аб’яднаных Нацый заклікам да яе міратворчай ролі і напамінам пра сэнс існавання гэтай міжнароднай структуры.







All the contents on this site are copyrighted ©.