2014-01-23 12:10:22

Папа на Сусветны дзень камунікацыі: хрысціяне – грамадзяне лічбавай прасторы


RealAudioMP3 “Камунікацыя на службе сапраўднай культуры сустрэчы”, - так называецца першае пасланне папы Францішка на Сусветны дзень масавай камунікацыі, які будзе адзначацца 1 чэрвеня 2014 г. Дакумент быў апублікаваны 23 студзеня – за дзень да ўспаміну св. Францішка Сальскага, апекуна журналістаў. У ім Святы Айцец выказаў перакананне, што супрацоўнікі СМІ павінны спрыяць культуры сустрэчы ў свеце, які з аднаго боку становіцца “маленькім”, дзякуючы развіццю тэхналогій і глабалізацыі, але з іншага, застаецца глыбока падзеленым і пакутуе ад шматлікіх форм маргіналізацыі, беднасці і канфліктаў, па “эканамічных, палітычных, ідэалагічных, і, нажаль, рэлігійных” прычынах. “У гэтым свеце медыя могуць дапамагчы стаць бліжэй адно да аднаго, па-новаму зразумець сэнс адзінства чалавечай сям’і, што падштурхне да салідарнасці і сур’ёзнай дзейнасці на карысць больш годнага жыцця. Камунікацыя дабра дапамагае станавіцца бліжэйшымі і лепш пазнаваць адно аднаго, быць больш паяднанымі”, - напісаў Папа і падкрэсліў асаблівае значэнне інтэрнэту, які “дае вялікія магчымасці сустрэчы і салідарнасці паміж усімі”, з’яўляецца “добрай рэччу” і “Божым дарам”.

На думку Святога Айца хуткі паток інфармацыі, які дамінуе сёння, пераўзыходзіць здольнасць чалавека разважаць над ёй і выносіць правільныя суджэнні. Таму, разам з дапамогай у росце, яна можа таксама “дызарыентаваць”, - адзначыў Папа і нагадаў пра яшчэ некалькі небяспек: прывязанасць да інтэрнэту можа ізаляваць ад бліжніх, а тыя, хто не мае доступу да сацыяльных медыя, падвяргаюцца рызыцы маргіналізацыі.

У сувязі з гэтым Францішак заклікаў памятаць, што камунікацыя – гэта ў першую чаргу “заваяванне чалавечае” і толькі затым тэхналагічнае. Таму, каб лічбавая прастора стала месцам чалавечага росту, неабходна вярнуцца да “разважлівасці і спакою”, мець “здольнасць суцішыцца і слухаць”, быць цярплівымі і жадаць слухаць іншых. Так можна навучыцца глядзець на свет іншымі вачыма і ацаніць чалавечы досвед, які праяўляецца ў розных культурах і традыцыях, вялікія хрысціянскія каштоўнасці, адметнасці рэлігійнай і палітычнай сфер, прынцыпы салідарнасці і субсідыярнасці і інш.

“Якім чынам камунікацыя можа дапамагчы ў служэнні сапраўднай культуры сустрэчы?”, - спытаў Папа і ў якасці адказу прапанаваў углядзецца ў евангельскую прыпавесць пра добрага самараніна. “Хто камунікуе, становіцца бліжнім”, - лічыць Святы Айцец. Але, паводле яго, добры самаранін не проста стаў бліжнім, але ўзяў на сябе цяжар чалавека, які ляжаў на дарозе ледзь жывы. Таму камуніцацыя, на думку Папы, з’яўляецца “набліжэннем”.

Францішак адзначыў, што, крочачы “лічбавымі” дарогамі, неабходна клапаціцца пра наяўнасць сапраўднай сустрэчы з іншымі. “Не можам жыць ў адзіноце, закрытыя ў саміх сабе. Маем патрэбу любіць і быць любімымі”, - напісаў Папа і дадаў, што “лічбавая сетка можа быць месцам узбагачаным чалавечнасцю, сеткай людзей, а не правадоў”. У сувязі з гэтым Святы Айцец заклікаў да сапраўднага хрысціянскага сведчання з боку вернікаў, у тым ліку і ў інтэрнэце.

“Адчыніць дзверы касцёлаў, азначае таксама адчыніць іх у лічбавай прасторы, каб народ увайшоў, у якім бы жыццёвым стане не знаходзіўся, каб Евангелле магло перакрочыць парог святыні і выйсці насустрач усім. Мы пакліканы сведчыць пра Касцёл, які з’яўляецца домам усіх”, - заклікаў Папа.

Францішак падкрэсліў, што “хрысціянскае сведчанне не здзяйсняецца толькі бамбардаваннем рэлігійнымі пасланнямі, але жаданнем дарыць саміх сябе іншым, “гатоўнасцю цярпліва і з павагай уключыцца ў іх пытанні і сумнівы, на шляху пошуку праўды і сэнсу чалавечага існавання”.

“Няхай наша камунікацыя будзе араматным алеем ад болю і добрым віном для радасці. Наша ззянне не паходзіць ад фокусаў і спецэфектаў, але ад набліжэння да параненых, якіх сустракаем на шляху, з любоў і пяшчотай. Не бойцеся стаць грамадзянамі лічбавай прасторы”, - заклікаў папа Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.