2014-01-23 14:05:57

Ватыканскі дыпламат выступіў на канферэнцыі па Сірыі


RealAudioMP3 22 студзеня 2014 г. на мірнай канферэнцыі па Сірыі, якая пачалася ў швейцарскім Мантрё, выступіў пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе, арцыбіскуп Сільвана Тамазі. Іерарх нагадаў, што дыялог павінен быць адзіным шляхам для вырашэння сірыйскага крызісу. “Апостальская Сталіца пераканана, што насілле не прывядзе нікуды акрамя смерці, разбурэнняў і адсутнасці будучыні”, - падкрэсліў ён. Ватыканскі дыпламат нагадаў, што такога меркавання прытрымліваецца не толькі Каталіцкі Касцёл, але і іншыя Цэрквы і рэлігійныя супольнасці.

Святы Пасад прапануе тэрмінова спыніць ваенныя дзеянні і пачаць мірныя перамовы паміж бакамі, заклікае скіраваць на гуманітарную дзейнасць грошы, прызначаныя на зброю, дапамагчы Сірыі ў аднаўленні адукацыйных і медыцынскіх структур, праявіць міжнародную эканамічную і духоўную салідарнасць з сірыйскім народам.

Арцыбіскуп Тамазі нагадаў заклік Пантыфіка, перад абліччам сірыйскай трагедыі не закрывацца ва ўласных інтарэсах і глядзець на бліжняга як на брата. “Не культура супрацьстаяння і канфліктаў будуе мірнае жыццё народаў і паміж народамі, але культура сустрэчы і дыялогу. Гэта адзіны шлях да міру”, - адзначыў прадстаўнік Апостальскай Сталіцы.








All the contents on this site are copyrighted ©.