2014-01-22 11:09:22

Прызнаць прысутнасць Божых дароў у іншых хрысціянах


RealAudioMP3 Прызнаць прысутнасць Божых дароў у іншых хрысціянскіх супольнасцях заклікаў папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра 22 студзеня 2014 г. Пантыфік прысвяціў сваю катэхезу значэнню Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў, які традыцыйна праходзіць 18-25 студзеня. Ён падкрэсліў, што падзелы паміж вучнямі Хрыста з’яўляюцца “скандалам” і перамагаць гэта трэба шляхам малітвы, пакоры, разважання і пастаяннага навяртання. “У мінулую суботу пачаўся Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў, які закончыцца ў суботу – у свята Навяртання св. Паўла, апостала, - сказаў Папа, - Гэта духоўная ініцыятыва – як ніколі каштоўная – уключае ў сябе хрысціянскія супольнасці, ужо напрацягу больш чым стагоддзя. Гаворка ідзе пра час, прысвечаны малітве за адзінства ахрышчаных, згодна з воляй Хрыста: “каб усе былі адно”. Кожны год экуменічная група з пэўнага рэгіёна свету, пад кіраўніцтвам Экуменічнай рады Цэркваў і Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, прапануе тэму і рыхтуе разважанні да Тыдня малітваў. Сёлета яны паходзяць ад Цэркваў і касцёльных супольнасцяў Канады і грунтуюцца на пытанні, скіраваным св. Паўлам да хрысціян Карынту: “Хіба Хрыстус падзелены?”.

Канешне Хрыстус не падзелены. Але мы павінны шчыра і з болем прызнаць, што нашы супольнасці працягваюць жыць падзеламі, якія з’яўляюцца скандалам. Падзелы паміж намі хрысціянамі – скандал. Няма іншага слова – скандал! “Кожны з вас кажа, – пісаў апостал, – “Я – Паўла”, “Я – Апалоса”, “Я – Кефаса”, “А я – Хрыста”. Таксама і тых, хто вызнаваў Хрыста ў якасці свайго главы, не ўсхваляў Павел, таму што выкарыстоўвалі імя Хрыста, каб аддзяляцца ад іншых, унутры хрысціянскай супольнасці. Але імя Хрыста стварае саюз і камунію, не падзел! Ён прыйшлоў, каб стварыць адзінства паміж намі, не падзел. Хрост і Крыж – гэта цэнтральныя элементы хрысціянскай прыналежнасці да вучняў, якія для нас з’яўляюцца супольнымі. Падзелы, аднак, аслабляюць пераканаўчасць і эфектыўнасць нашай евангелізацыйнай дзейнасці і пагражаюць крыжу пазбаўленнем яго моцы.

Павел папракаў карынцянаў за іх спрэчкі, але таксама дзякаваў Пану “дзеля ласкі Божай, дадзенай вам у Хрысце Езусе. Бо ў ім вы ўзбагаціліся ўсім, усялякім словам і ўсялякім пазнаннем”. Гэтыя словы Паўла не простая фармальнасць, але знак таго, што Ён бачыў на першым месцы – і гэтаму шчыра радаваўся – дароў, якія Бог даў супольнасці. Гэта пазіцыя апостала натхняе нас і кожную хрысціянскую супольнасць з радасцю прызнаць прысутнасць дароў Божых у іншых супольнасцях. Нягледзячы на боль падзелаў, якія нажаль яшчэ застаюцца, прымем словы Паўла ў якасці закліку да шчырай радасці за ласкі, якія Бог даў іншым хрысціянам. Мы маем той самы хрост, таго самага Святога Духа, Які нам даў ласкі. Прызнаем гэта і ўзрадуемся.

Цудоўна прызнаваць ласку, якой Бог нас благаслаўляе, і яшчэ больш, знаходзіць у іншых хрысціянах нешта, у чым маем патрэбу, нешта, што можам атрымаць у якасці дару ад нашых братоў і сясцёр. Канадская група, якая падрыхтавала разважанні для гэтага Тыдня малітваў не заклікае супольнасці думаць аб тым, што маглі б даць ім блізкія хрысціяне, але запрашае сустрэцца, каб зразумець, што ўсе могуць часам атрымліваць ад іншых. Гэта патрабуе нечага большага. Патрабуе вялікай малітвы, патрабуе пакоры, разважання і пастаяннага навяртання. Будзем ісці наперад гэтым шляхам, молячыся за адзінства хрысціян, каб гэты скандал знікаў і яго не было паміж намі”, - сказаў Пантыфік.

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі папа Францішак яшчэ раз нагадаў, што 25 студзеня Касцёл будзе адзначаць свята Навяртання св. Паўла. Ён заклікаў моладзь вучыцца ад апостала быць місіянерамі, хворых – ахвяроўваць пакуты ў інтэнцыі хрысціянскага адзінства, а маладыя сужэнскія пары – прызнаваць першаснасць Бога і яго любові ў сямейным жыцці.








All the contents on this site are copyrighted ©.