2014-01-21 13:50:32

Папе прадставілі ягнятак, з воўны якіх будуць зроблены паліі


RealAudioMP3 Папе Францішку прадставілі двух ягнятак, з воўны якіх будуць зроблены паліі – элементы літургічнага адзення ў выглядзе вузкай стужкі з белай авечай воўны з вышытымі чорнымі крыжамі і абшытымі чорным шоўкам кавалачкамі свінца. 21 студзеня 2014 г. ягняткі былі благаслаўлёныя і дастаўлены ў Дом св. Марты ў Ватыкане, у якім пражывае Пантыфік. Традыцыя благаслаўлення гэтых жывёлаў менавіта 21 студзеня звязана са святкаваннем успаміну св. Агнешкі – маладой рымлянкі, якая аддала жыццё за Хрыста на мяжы ІІІ-IV стагоддзяў. У іканаграфіі яна заўсёды прадстаўлецца з ягняткам на руках.

Паліямі Святы Айцец адорвае новых арцыбіскупаў-мітрапалітаў. Гэта адбываецца штогод 29 чэрвеня, на свята святых апосталаў Пятра і Паўла. Гэты элемент літургічнай вопраткі сімвалізуе паслухмянасць Папе і асаблівую блізкасць да Святога Пасаду. Насіць палій мае права Святы Айцец, падчас кожнай літургіі, а таксама адзначаныя асаблівым гонарам іерархі Касцёла, але толькі на вялікія святы.








All the contents on this site are copyrighted ©.