2014-01-21 11:05:09

Грэчаскі іерарх: мясцовыя СМІ амаль штодзённа кажуць пра Папу


RealAudioMP3 Адносіны паміж прыматам св. Пятра і сінадальнасцю – гэта тэма з’яўляецца найбольш актуальнай у дыялогу паміж каталіцкімі і праваслаўнымі тэолагамі, але таксама і найбольш дэлікатнай у сферы экуменічных адносін паміж Цэрквамі. Такога меркавання прытрымліваецца арцыбіскуп Карфу, Зантэ і Кефалініі Іааніс Спітэрыс – член змешанай камісіі па каталіцка-праваслаўнаму дыялогу. Паводле грэчаскага іерарха дыялог з Праваслаўнымі Цэрквамі, стымуліруе разважанне над канкрэтнай рэалізацыяй сінадальнасці ў Касцёле: адносінамі паміж сінадальнасцю і прыматам св. Пятра. Гэта праблема, на яго думку, з’яўляецца нялёгкай, але Папа, разам з біскупамі, хоча яе вырашыць, сказаў ён у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё.

Арцыбіскуп Спітэрыс падкрэсліў, што гаворка ідзе пра суіснаванне прымата св. Пятра і пастаяннага сінадальнага органа, якім будзе не Сінод Біскупаў, што збіраецца час ад часу, каб даць парады Святому Айцу, але “фактычная сінадальнасць, эфектыўная, якая разам з Біскупам Рыма вырашае на карысць усяго Касцёла”.

Іерарх адзначыў, што тэма сінадальнасці знаходзіцца ў цэнтры ўвагі змешанай камісіі па каталіцка-праваслаўнаму дыялогу. Дакумент адносна яе ўжо падрыхтываны і будзе разглядацца падчас наступнага пасяджэння камісіі 15-23 верасня 2014 г. ў Новым Садзе ў Сербіі.

Арцыбіскуп Спітэрыс адзначыў важнасць “ачышчэння гістарычнай памяці” для развіцця экуменічнага дыялогу. “Існуе больш таго, што нас аб’ядноўвае, чым дзеліць”, - сказаў ён і дадаў, што “неабходна навяртанне сэрца, змена ментальнасці для прыняцця іншага таксама і ў яго адметнасцях”.

Акрамя таго, іерарх расказаў пра вялікую павагу да папы Францішка ў Грэцыі. Пра Пантыфіка амаль штодзённа кажуць мясцовыя СМІ і гэта пазітыўны знак. “Змяняецца ментальнасць, спосаб глядзець на іншага. Я думаю, што гэта Святы Дух дзейнічае. Не трэба апускаць рукі”, - сказаў арцыбіскуп Спітэрыс.








All the contents on this site are copyrighted ©.