2014-01-20 15:35:52

Хрысціянства і літаратура. Булгакаў (ІІ)


RealAudioMP3 Сёння я працягваю распавядаць пра Міхаіла Булгакава, класіка міравой літаратуры, асабліва папулярнага ў савецкія часы. Самы вядомы твор Булгакава, і напэўна з гэтым усе пагодзяцца, «Майстар і Маргарыта». Гэта таямнічы, фантастычны твор, які блытае ды правакуе чытача. Яго часта называюць «містычным», а самога аўтара «містычным пісьменнікам», хоць з пункту гледжання хрысціянства, нічога супольнага з сапраўднай містыкай Булгакаў не мае. Такой імідж пісьменнік набыў з-за таго, як мне здаецца, што ў «Майстры і Маргарыце» з'яўляюцца персанажы з нематэрыяльнага свету, якія дзейнічаюць нерацыянальна, парушаючы законы прыроды... Але ж гэта толькі мастацкая мова твору, яго знешняя абалонка, якая разам з тонкай іроніяй паклікана прыхаваць галоўны мэсэдж аўтара. Які гэта мэсэдж?


Гэтае пытанне турбавала не аднаго чалавека, так што з'явіліся літаратурныя крытыкі, якія прысвяцілі сябе вывучэнню спадчаны Булгакава – гэта т.зв. булгакаведы. Яны запрапанавалі шматлікія тлумачэнні рамана, сярод іх ёсць тое тлумачэнне, якое як мне здаецца найбольш блізкае першапачатковай задуме аўтара. Гэта інтэрпрэтацыя, пабудавана на тэзісе, што «Майстар і Маргарыта» з'яўляецца адказам Булгакава на ваяўнічы атэізм свайго часу.


Многія даследчыкі выказвалі думку, што Булгакаў вырашыў напісаць свой раман пасля наведвання рэдакцыі газеты «Бязбожнік». Акрамя гэтага ў грамадстве выклікала вялікі рэзананс паэма Дзям'яна Беднага «Новый Завет без изъяна евангелиста Демьяна», якая была апабуклікавана ў 1925 годзе. Гэты бязбожны твор шакаваў шматлікіх людзей, здольных да здаровага крытычнага мыслення. Цікава, што з'явіўся таксама ананімны апанент Дзем'яна Беднага, які піша апалагетычна-паэтычны адказ. Некаторыя даследчыкі прыпісваюць яго Сяргею Есеніну. Гэты твор нідзе не друкаваўся, але тым не менш быў шырока вядомы ў пэўных колах. Не магу ўстрымацца, каб не пазнаёміць вас, сябры, хоць і коратка з урыўкам згаданага верша:


Я часто думаю, за что его казнили,
За что Он жертвовал своею головой,
За то ль, что, враг суббот, Он против всякой гнили
Отважно поднял голос Свой?


За то ль, что, разорвав на части лишь себя,
Он к горю каждого был милосерд и чуток
И всех благословлял, мучительно любя,
И маленьких детей, и грязных проституток?
...

Нет, ты, Демьян, Христа не оскорбил,
Ты не задел его своим пером нимало.
Разбойник был, Иуда был.
Тебя лишь только не хватало.
Ты сгустки крови у Креста
Копнул ноздрёй, как толстый боров.
Ты только хрюкнул на Христа,
Ефим Лакеевич Придворов.


Вось такая палеміка мела месца ў далёкім 1925 годзе, якую я схільны звязваць з узнікненнем у 1928 годзе ў Булгакава ідэі напісання рамана, які пазней стане вядомы пад назвай «Майстар і Маргарыта».


Вяртаемся да пытанне, якое мы сфармулявалі на пачатку: які мэсэдж «Майстра і Маргарыты»? Дазвольце прапанаваць вам, шаноўныя сябры, ключ ад гэтага твору. Вось жа Булгакаў карыстаецца вядомым у фармальнай логіцы метадам давядзенне да абсурду.


Ён нібы гаворыць: «Окей, давайце сцвердзім, што Бога няма, што ён не існуе! А цяпер, глядзіце, што з гэтага атрымалася!». А атрымоўваецца абсурд. Добра гэта бачна асабліва на прыкладзе другой сюжэтнай лініі твора — рамане Майстра пра Іешуа Га-Ноцрі. Зноў Булгакаў нібы гаворыць нам: «Вось глядзіце, Майстар намагаецца з пазіцыі няверуючага напісаць гістарычны раман пра Ісуса і што ў яго атрымоўваецца? Іешуа Га-ноцрі - «добранькі» чалавек, прыдуркаваты і абсурдны філосаф гуманіст. Няўжо гэты вобраз меньш абсурдны і больш верагодны, чым той вобраз Ісуса, які нам апісвае Евангелле? Няўжо прасцей паверыць у тое, што існаваў Іешуа, чым у тое, што існаваў Ісус?».


Напрыканцы гэтай сціплай рэфлексіі, я хацеў бы толькі адзначыць, што Булгакаў працаваў над раманам пачынаючы ад 1928 году, ад моманту калі ў яго з'явілася ідэя, аж да самой сваёй смерці ў 1940-м (дванаццаць год). У нейкім сэнсе напэўна можна назваць гэты раман аўтабіяграфічным, а нават своеасаблівай споведдзю аўтара. Гэты твор архіважны для Булгакава: нават прыкаваны хваробаю да ложка, свядомы таго, што памірае ён працягвае працу над раманам, надыктоўваючы праўкі сваёй жонцы.


У сваім апошнім рамане Булгакаў пераасэнсоўвае зноў і зноў сваё жыццё ды дае яму ацэнку. Менавіта ў гэтыя апошнія свае дні ён просіць паклікаць сваю былую першую жонку Таццяну Лаппу, каб папрасіць у яе прабачэнне. Але яе нажаль не было ў горадзе. А ён нажаль не дачакаўся яе вяртання...


На гэтым, сябры, я развітваюся з вамі. Не чакайце ўсё жыццё, каб папрасіць прабачэнне – кожны дзень для гэтага дастаткова добры... і добрага вам чытання.

а. Андрэй Буйніч







All the contents on this site are copyrighted ©.