2014-01-20 13:40:18

Пантыфік прывітаў паліцэйскіх, якія ахоўваюць плошчу св. Пятра


RealAudioMP3 20 студзеня 2014 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі кіраўніцтва і супрацоўнікаў Інспекцыі па ахове грамадскага парадку “Ватыкан” – спецыяльнага аддзела рымскай паліцыі, які займаецца аховай плошчы св. Пятра, а таксама клапоціцца аб бяспецы Пантыфіка падчас яго падарожжаў па тэрыторыі Італіі. Сустрэча прайшла ў Клеменційскай Зале Апостальскага палацу Ватыкана. Акрамя саміх паліцэйскіх у аўдыенцыі прынялі ўдзел члены іх сем’яў. Папа павіншаваў сабраных з нядаўна мінулымі святамі Божага Нараджэння і выказаў сваю ўдзянасць за служэнне, якое здзейсняюць, у першую чаргу на плошчы св. Пятра: “у холад, спёку, дождж, вецер, заўсёды...”.

“Мы ўсе ўсведамляем неабходнасць пастаяннай працы для захавання выключнасці гэтага ўнікальнага месца, падтрымліваючы яго сакральны і паўсюдны характар. І гэта патрабуе асаблівага і пільнага чування. Сапраўды, на плошчы св. Пятра народ спакойны, рухаецца павольна, атрымлівае асалоду ад спакою. І гэта дзякуючы вам, якія сочыце за грамадскім парадкам”, - сказаў Папа.

Францішак падзякаваў таксама за працу паліцэйскіх падчас масавых мерапрыемстваў на плошчы св. Пятра, калі тысячы людзей прыбываюць сюды каб сустрэцца з Папам, памаліцца каля магіл Князя Апосталаў ці яго наступнікаў, у першую чаргу Яна ХХІІІ і Яна Паўла ІІ.

“Хачу пажадаць, каб перыяд праведзены на службе каля Ватыкана стаў для кожнага з вас магчымасцю для росту ў веры. Вера – гэта самы каштоўны скарб, які вашы сем’і вам даверылі і які вы пакліканы перадаць вашым дзецям. Важна адкрыць нанова пасланне Евангелля і прыняць яго ў глыбіні ўласнага сумлення і канкрэтнасці штодзённага жыцця, сведчачы з адвагай аб любові Бога ва ўсіх асяродзях, таксама і на працы”, - сказаў Папа.

На заканчэнне сустрэчы Святы Айцец даверыў паліцэйскіх апецы Маці Божай і папрасіў аб малітве. “Маю ў ёй вялікую патрэбу”, - сказаў Папа.








All the contents on this site are copyrighted ©.