2014-01-20 13:03:44

Беларусь: у Мінску прайшла экуменічная малітва


RealAudioMP3 Яшчэ адзін крок насустрач адзін аднаму – у мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі прайшла экуменічная малітва. Яна сабрала, па традыцыі, католікаў, праваслаўных і пратэстантаў. Кожны раз такія сустрэчы праходзяць па розным сцэнарыям. Сёлета ў касцёл унеслі крыж, пасля чаго прадстаўнікі ўсіх хрысціянскіх канфесій Беларусі чыталі малітву, дарэчы, і тэкст якой заўсёды рыхтуецца нанова. Потым, кожны з іх выступіў са зваротам да вернікаў. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў маліцца аб еднасці з Езусам. Нягледзячы на шматлікія дасягненні і сумесную працу прадстаўнікоў розных канфесій, бар’еры паміж імі яшчэ існуюць. Прычына падзелу – грэх, любы падзел – гэта рана, якую трэба лячыць. Правядзенне Адзінага тыдню малітвы аб еднасці хрысціян у гэтым годдзе вельмі сімвалічна, таму што супадае з важнымі гістарычнымі датамі, нагадаў іерарх.

“У гэтым годдзе адзначаюцца два вялікіх юбілеі. 50 гадоў таму Папа Павел VI спаткаўся з Патрыярхам Канстантынопальскім. Гэта сустрэча была першая ў гісторыі. Пасля Другога Ватыканскага сабора гэта быў вельмі вялікі крок наперад у развіцці адносін паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой. І таксама восенню мы будзем адзначаць 50-годдзе прыняцця Дэкрэту Другога Ватыканскага сабора аб экуменізме, які даў новы імпульс у развіцці адносін паміж Каталіцкім Касцёлам і іншымі хрысціянскімі супольнасцямі”, дадаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Традыцыя экуменічных малітваў з’явілася яшчэ ў XIX ст., а ў 1908 г. англіканскі святар прапанаваў прысвяціць тэме адзінства нават тыдзень. З таго часу з 18 па 25 студзеня ва ўсім свеце праходзяць розныя мерапрыемствы – сумесныя малітвы, сустрэчы, нават канцэрты ці іншыя праекты. Прадстаўнік Беларускай праваслаўнай царквы, кіраўнік аддзелу адукацыі і катэхізацыі Мінскай епархіі святар Аляксандр Шымбалёў задаў рытарычнае пытанне - як можна любіць Бога, якога ніхто не бачыў, але не любіць свайго бліжняга? Любоў – галоўнае, што павінны несці хрысціяне незалежна ад канфесіі, у храме ці ў паўсядзённым жыцці.

“Калі мы чуем, што ёсць розныя хрысціянскія супольнасці, якія кажуць, што прымаюць Хрыста і Цела і Кроў Хрыста, але не маюць зносін паміж сабой – гэта нейкае непаразуменне, якое ўзнікла ў прошлым. Па прычыне любові да Бога і да чалавека мы павінны гэтае адзінства ствараць. Калі мы памятаем аб гэтым, мы пачынаем рабіць. А вялікае ў малым здяйсняецца”, - нагадаў святар.

Пастар евангелічна-лютэранскай супольнасці горада Гродна Уладзімір Татарнікаў падкрэсліў, што ў сучасным жыцці занадта шмат праблем з якімі прыходзіцца сутыкацца хрысціянам, і мы павінны адказваць менавіта разам на гэтыя выклікі. Таго, што хрысціян аб’ядноўвае – больш, чым таго, што падзяляе, лічыць ён.

“Сабрацца разам парафіянам розных канфесій і проста памаліцца – за сябе, за сваю сям’ю, зямлю, адзін за аднаго і адзін з адным – гэта галоўнае. Мы адзіны ў духоўна-маральным выхаванні, у працы сацыяльнай – гэта дапамога тым, хто мае патрэбу, барацьба са СНІДам”.

“Ці падзелены Хрыстус?” – гэта пытанне і з’яўляецца тэмай сёлетняй малітвы, напрыканцы якой прадстаўнікі хрысціянскіх канфесій запалілі лампады і паставілі іх каля крыжа. У гэтыя дні малітва аб’яднала не толькі розныя канфесіі, але і больш за 70 краін свету, дзе нагадалі аб жаданым адзінстве.

Ларыса Абрамчук, Мінск.








All the contents on this site are copyrighted ©.