2014-01-19 13:54:02

Папа перад “Анёл Панскі”: любоў – адзіны спосаб, каб перамагчы зло і грэх (поўны тэкст)


RealAudioMP3 “Не існуе іншага спосабу перамагчы зло і грэх, акрамя любові, якая падштурхоўвае аддаваць сваё жыццё за іншых”, - адзначыў папа Францішак перад малітвай “Анёл Панскі” 19 студзеня 2014 г. Святы Айцец засяродзіўся над значэннем слова “ягня”, якое ў Новым Запавеце адносіцца да Езуса Хрыста. “З урачыстасцю Аб’яўлення Пана, якую святкавалі ў мінулую нядзелю, мы ўвайшлі ў літургічны перыяд, які называецца “звычайным”. У гэту другую нядзелю Евангелле прадстаўляе нам сцэну сустрэчы Езуса з Янам Хрысціцелем, каля ракі Іардан. Пра яе апавядае відавочца, Ян Евангеліст, які перш чым стаць вучнем Езуса быў вучнем Хрысціцеля, разам з братам Якубам, з Сымонам і Андрэем – усе з Галілеі, усе рыбакі. Хрысціцель убачыў Езуса, які праходзіў скрозь натоўп і натхнёны з вышыні прызнаў у Ім пасланніка Божага, і таму указаў гэтымі словамі: “Вось Баранак Божы, які бярэ на сябе грэх свету” (Ян 1,29).

Слова, якое было перакладзена як “бярэ”, бярэ грэх, азначае “уздымае”, “бярэ на сябе”. Езус прыйшоў у свет з дакладнай місіяй: вызваліць з рабства граху, бяручы правіны чалавецтва. Якім чынам? Праз любоў. Не існуе іншага спосабу перамагчы зло і грэх, як толькі не праз любоў, якая падштурхоўвае аддаваць сваё жыццё за іншых. У сведчанні Яна Хрысціцеля, Езус мае рысы Слугі Пана, які “напоўніўся нашымі пакутамі, носіць наш смутак” (Іс 53,4), аж да смерці крыжовай. Ён сапраўднае пасхальнае ягня, якое пагружаецца ў раку нашага граху, каб нас ачысціць.

Хрысціцель убачыў перад сабой чалавека, які стаў у чаргу з грэшнікамі, каб хрысціцца, нават не маючы ў гэтым патрэбы, чалавека, якога Бог паслаў у свет, як ягня прызначанае на закланне. У Новым Запавеце слова “ягня” шмат разоў узгадваецца і заўсёды ў адносінах да Езуса. Гэты вобраз ягняці можа здівіць; ведзь гэта жывёла, якая не характарызуецца сілай і вынослівасцю, але бярэ на ўласныя плечы такі вялікі цяжар. Вялізарная маса зла была знішчана і выкінута слабым і ўразлівым стварэннем, сімвалам пакоры, паслухмянасці і безабароннай любові, якая сягае аж да ахвяры з самаго сябе. Ягня – не пануючае, але паслухмянае; не агрэсіўнае, а мірнае; не дэманструе кіпцюры і клыкі перад абліччам нападаў, але пераносіць іх і з’яўляецца пакорным. І такі Езус! Такі Езус – як ягня.

Што значыць для Касцёла, для нас, сёння, быць вучнямі Езуса, Ягнятка Божага? Гэта значыць паставіць на месца злобы нявіннасць, на месца сілы – любоў, на месца пыхі – пакору, на месца прэстыжа – служэнне. Гэта вялікая праца! Мы хрысціяне павінны рабіць гэта: ставіць на месца злобы нявіннасць, на месца сілы – любоў, на месца пыхі – пакору, на месца прэстыжу – служэнне. Быць вучнямі Ягняці азначае жыць не як “абкладзеная цытадэль”, але як горад пабудаваны на скале, адкрыты, гасцінны, салідарны”.

Францішак заклікаў вернікаў “не закрывацца ў сабе, але несці Евангелле ўсім, даючы жыццёвае сведчанне аб тым, што наследаванне Езуса робіць больш свабоднымі і радаснымі”.








All the contents on this site are copyrighted ©.