2014-01-19 15:00:39

Новы Біскуп Віцебскі: трымаць дзверы Касцёла адкрытымі


RealAudioMP3 Касцёл – гэта брама да Божага Валадарства, а заданне вернікаў заключаецца ў тым, каб трымаць гэту браму адчыненай, перакананы ардынарый Віцебскай дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч. 18 студзеня 2014 г. у катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага ў Віцебску ён атрымаў пасвячэнне і пачаў служэнне ў якасці Біскупа Віцебскага. Удзяліў сакру арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, Апостальскі нунцый у Беларусі, а асістуючымі былі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і Біскуп Гродзенскі, старшыня Канферэнцыі Біскупаў Беларусі Аляксандр Кашкевіч. Падзея мае вялікае значэнне для Касцёла ў Беларусі, таму што гаворка ідзе пра першае біскупскае пасвячэнне ў краіне за апошнія 15 гадоў.

Біскуп Алег Буткевіч прызнаўся, што навіна аб новым прызначэнні была для яго нечаканай. “Тым не менш, гэта падзея адбылася. Віцебская дыяцэзія мае Біскупа. Будзем спадзявацца, што Бог, які здзейсняе ў жыцці ўсе свае справы, сам праз гэтага чалавека штосьці зробіць. Ну і канешне разлічваю на дапамогу святароў, перш за ўсё на малітву людзей, на супрацоўніцтва з уладамі і проста добрымі людзьмі”, - сказаў біскуп Буткевіч.

Новы іерарх расказаў між іншым пра сімволіку свайго біскупскага герба. “Калі ўзяць пад увагу маё паходжанне, а паходжу я з Браслава, то тут увогуле не было пытання, што павінна быць на гербе, – абраз Маці Божай Браслаўскай. Праўда, было пытанне аб размяшчэнні герба горада, але хацелася падкрэсліць больш рэлігійнае вымярэнне гэтай сімволікі. Другі момант – Віцебская дыяцэзія. І ў гэтым выпадку не трэба было шмат выдумваць, бо сам герб Віцебскай вобласці мае глыбокае хрысціянскае значэнне – абраз Езуса Хрыста. Злучыўшы іх разам, я думаю, што атрымаўся добры сімвал нашай дыяцэзіі”, - сказаў ён.

Урачыстая св. Імша прайшла ў прысутнасці шматлікіх гасцей. Прывітаць новага біскупа сабраліся вернікі і святары не толькі з Віцебску і роднага для Алега Буткевіча Браслава, але таксама з іншых гарадоў Беларусі і нават з-за мяжы: з Польшчы, Літвы, Украіны. Прынялі ўдзел у літургіі прадстаўнікі дыпламатычных місій некаторых краін.

Размаўляючы з журналістамі арцыбіскуп Гуджэроцці адзначыў, што дзень біскупскай сакры Алега Буткевіча, асаблівы для Беларусі. “Гэта незвычайны дзень, таму што гэта знак маладосці Касцёла. Знак таго, што Бог здзіўляе штодзённа. Знак таго, што беларуская зямля дае добрыя плады. Таму маем шмат прычын, каб дзякаваць Богу”, - сказаў Апостальскі нунцый.

Гаворачы пра малады ўзрост іерарха, прадстаўнік Папы пажартаваў: “Гэта хвароба, ад якой ён хутка пазбавіцца”, а звяртаючыся да самаго біскупа наміната арцыбіскуп Гуджэроцці падкрэсліў яго любоў да бедных. “Ты выбраў беднасць – дзеля любові. Вядома, колькі ўвагі папа Францішак надзяляе беднасці. Спадзяюся, што ты станеш у гэтым добрым прыкладам для іншых”, - падкрэсліў Апостальскі нунцый.

У радасны дзень біскупскага пасвячэння новы ардынарый ўзгадаў таксама пра свайго папярэдніка – біскупа на пенсіі Уладзіслава Бліна. “Шчырая яму ўдзячнасць за тое, што я не прыходжу на пустое месца. Бо на Віцебшчыне пабудаваны Касцёл, які мае ўжо 15 гадоў свайго існавання. І гэта яго заслуга, і мая яму ўдзячнасць”, - сказаў біскуп Алег Буткевіч.








All the contents on this site are copyrighted ©.