Папа: спрыяць духоўнаму экуменізму, які грунтуецца на запаведзі любові
17 студзеня 2014 г.
папа Францішак прыняў на аўдыенцыі экуменічную дэлегацыю з Фінляндыі. Сустрэча была
прымеркавана да свята апекуна гэтай краіны св. Генрыха Упсальскага, якое будзе адзначацца
19 студзеня. У сваёй прамове Францішак заклікаў не спыняцца на экуменічным шляху і
засяродзіцца на абвяшчэнні цэнтральнага паслання хрысціянскай веры – любові Божай.
Пантыфік нагадаў словы апостала Паўла скіраваныя да карынцянаў: “Хіба падзяліўся Хрыстус?”.
“Гэта пытанне было выбрана ў якасці тэмы Тыдня малітваў за адзінства хрысціян, які
пачнецца заўтра. Сёння яно скіравана да нас – тое самае пытанне. Перад некаторымі
галасамі, якія больш не прызнаюць дасягальнай мэтай поўнае і бачнае адзінства Касцёла,
мы пакліканы не адмаўляцца ад нашага экуменічнага намагання, будучы верным якому,
сам Пан Езус усклікаў да Айца: каб “усе былі адно”, - сказаў Папа.
Францішак
заўважыў, што сёння экуменізм і адносіны паміж хрысціянамі перажываюць “значныя перамены”,
звязаныя з неабходнасцю вызнаваць веру “ў кантэксце грамадства і культуры, у якіх
заўсёды менш прысутнічае зварот да Бога і ўсяго таго, што ўсклікае да трасцэндэнтнага
вымярэння жыцця”. “Мы заўважаем гэта перш за ўсё ў Еўропе, але не толькі”, - падкрэсліў
Пантыфік.
“Менавіта па гэтай прычыне, неабходна, каб наша сведчанне засяродзілася
на цэнтры нашай веры, на абвяшчэнні любові Бога, якая праявілася ў Хрысце, Яго Сыне.
Тут знойдзем прастору для росту ў еднасці і адзінстве паміж намі, спрыяючы духоўнаму
экуменізму, які нараджаецца непасрэдна ад запаведзі любові пакінутай Езусам сваім
вучням”, - сказаў Папа.
Францішак адзначыў, што экуменізм – гэта духоўны працэс,
які рэалізуецца ў вернай паслухмянасці Айцу, у спаўненні волі Хрыста і пад кіраўніцтвам
Святога Духа.
Традыцыйныя візіты экуменічнай дэлегацыі з Фінляндыі ў Ватыкан
з нагоды свята св. Генрыха, пачаліся яшчэ падчас пантыфікату Яна Паўла ІІ і працягваюцца
ўжо на працягу 25 гадоў.