2014-01-15 11:59:07

Мы ўсе місіянеры там, дзе нас паставіў Пан


RealAudioMP3 15 студзеня 2014 г. папа Францішак працягнуў цыкл катэхез, прысвечаных сямі сакрамэнтам. Як і падчас агульнай аўдыенцыі на мінулым тыдні, ён падзяліўся разважаннямі пра сакрамэнт хросту, а ў прыватнасці, пра яго важнае значэнне для існавання хрысціянскай супольнасці. Менавіта праз гэты сакрамэнт вернікі становяцца “членамі Цела Хрыста і народа Божага”, адзначыў Папа і дадаў, што хрост дазваляе кожнаму стаць членам люду, “пілігрымуючага ў гісторыі”. “Сапраўды, як з пакалення ў пакаленне перадаецца жыццё, таксама з пакалення ў пакаленне, праз адраджэнне з крыніцы хросту, перадаецца ласка, і з гэтай ласкай хрысціянскі народ крочыць у часе, як рака, якая арашае зямлю і вылівае на свет благаслаўленне Бога”, - адзначыў Пантыфік. Папа падкрэсліў, што, дзякуючы хросту, вернікі становяцца “місійнымі вучнямі, пакліканымі несці Евангелле ў свет”. Ён нагадаў, пра пакліканне кожнага ахрышчанага, “незалежна ад яго функцыі ў Касцёле ці ўзроўню ведаў пра веру, быць актыўным суб’ектам евангелізацыі”. “Новая евангелізацыя павінна прадугледжваць новы ўдзел усіх, усяго народа Божага; новы ўдзел ахрышчаных, кожнага ахрышчана. Народ Божы – гэта народ вучняў, таму што атрымлівае веру, і місіянераў, таму што перадае веру. Мы ўсе ў Касцёле з’яўляемся вучнямі, і будзем імі заўсёды, на працягу ўсяго жыцця; і усе мы з’яўляемся місіянерамі, кожны на месцы, якое Пан яму вызначыў”, - сказаў Святы Айцец.

Францішак звярнуў увагу на “непарыўную сувязь, якая існуе паміж містычным і місійным вымярэннямі хрысціянскага паклікання”. “Прымаючы веру і хрост, мы, хрысціяне, прымаем дзейнасць Святога Духа”, - нагадаў Папа і падкрэсліў, што “евангелізацыя – гэта заклік да ўдзелу ў трынітарным адзінстве”.

Святы Айцец нагадаў, што “ніхто не збаўлецца сам” – вернікі з’яўляюцца супольнасцю, ў ёй сустракаюць прыгажосць дзялення досведам любові, і самі становяцца пакліканымі быць “каналамі ласкі адзін для аднаго, нягледзячы на ўласныя абмежаванні і грахі”. “Камунітарнае вымярэнне, гэта не “рамка”, не “дадатак”, але неад’емная частка хрысціянскага жыцця, сведчання і евангелізацыі. Хрысціянская вера нараджаецца і перажываецца ў Касцёле, сем’і і парафіі ў хросце святкуюць далучэнне новага члена да Хрыста, да яго Цела, якім з’яўляецца Касцёл, да Народа Божага”, - сказаў Папа.

Адзначаючы важнасць сакрамэнту хросту для народа Божага, Папа прывёў у прыклад гісторыю хрысціянскай супольнасці ў Японіі. Яна на пачатку XVII ст. цярпела моцны пераслед. Тут было шмат мучанікаў і амаль не засталося святароў. Хрысціяне былі вымушаны жыць сваёй верай падпольна. Калі нараджалася дзіця, яго хрысцілі ўласныя бацькі. Папа адзначыў, што місіянеры, якія вярнуліся ў Японію праз два стагоддзі, убачылі тут тысячы хрысціян і Касцёл хутка адрадзіўся.

“Яны выжылі дзякуючы ласцы хросту! І гэта цудоўна! Народ Божы перадае веру, хрысціць сваіх дзяцей і ідзе наперад. Яны захоўвалі, няхай і таемна, моцны супольны дух, таму што хрост учыніў з іх адзінае цела Хрыста. Яны былі ізаляваныя і схаваныя, але былі заўсёды членамі народа Божага, членамі Касцёла. Мы можам многаму навучыцца з гэтай гісторыі!”, - сказаў Святы Айцец.

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі Папа заклікаў моладзь штодзённа адкрываць для сябе ласку, якая паходзіць ад сакрамэнту хросту, хворых – чэрпаць з яе сілы для змагання з болем, а маладых сужонкаў – выконваць абяцанні, складзеныя падчас хросту сваіх дзяцей.








All the contents on this site are copyrighted ©.