2014-01-15 11:55:25

Кардынал Кох: пантыфікат Францішка з экуменічнага пункту гледжання – паспяховы


RealAudioMP3 Папа Францішак распачаў свой пантыфікат з экуменічнага пункту гледжання вельмі паспяхова. На яго інаўгурацыі прысутнічалі прадстаўнікі ўсіх асноўных хрысціянскіх супольнасцяў. Упершыню ў гісторыі ў гэты дзень у Ватыкан прыбыў Патрыярх Канстантынопальскі. Гэта адзначыў кардынал Курт Кох, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, у інтэрв’ю інфармацыйнаму агенцтву італьянскага епіскапата, перад пачаткам Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў. Прадстаўнікі Цэркваў станоўча ацанілі Апостальскую адгартацыю “Evangelii Gaudium”, бо знайшлі ў ёй агульнае бачанне шматлікіх праблем, адзначыў іерарх. Ён лічыць, што сустрэча Папы і Патрыярха Канстантынопальскага ў Святой Зямлі стане імпульсам на шляху да адзінства. Што тычыцца спаткання Святога Айца і Патрыярха Маскоўскага, тут “неабходна добра падрыхтаваць тое, што ёсць жаданне зрабіць і сказаць”, адзначыў кардынал Кох.

“Я думаю, што мы павінны сур’ёзна паставіцца да факту, што Хрыстус не можа быць падзелены. У аснове ўсіх экуменічных намаганняў пакладзена святарская малітва Езуса, Які кажа, што адзінства сярод вучняў Хрыста – гэта воля Пана”, - нагадаў ватыканскі іерарх. На яго думку, меркаванне, што прымат Пантыфіка з’яўляецца перашкодай для экуменізму, гэта толькі адзін бок пытання. Гледзячы з іншай перспектывы, прымат з’яўляецца “выдатнай магчымасцю для экуменізму”. Ён прывёў прыклад міжрэлігійных сустрэч у Асізі і задаў рытарычнае пытанне: “Хто акрамя Папы Рымскага мог запрасіць усе Цэрквы і іншыя рэлігіі?”. Усе Пантыфікі пасля II Ватыканскага Cабору, ад Паўла VI да Францішка, з’яўляюцца тымі, хто жадае экуменічнага адзінства і ў гэтым сэнсе іх першынства з’яўляецца не столькі перашкодай, колькі “вялікім мастом для экуменізму”, - падкрэсліў кардынал Кох.







All the contents on this site are copyrighted ©.