2014-01-14 12:38:38

Святы Айцец пра чатыры мадэлі вернікаў


RealAudioMP3 Пра чатыры мадэлі вернікаў звярнуў увагу папа Францішак 14 студзеня 2014 г. падчас ранішняй св. Імшы. Іх, паводле Пантыфіка, прадстаўляюсь Езус, кніжнікі, святар Элія і яго два сыны, таксама святары. Евангелле кажа, што Хрыстус вучыў апосталаў “як той, хто мае ўладу, а не як кніжнікі”. Апошнія “навучалі, прапаведвалі, але ўскладалі на плечы людзей многія цяжкія рэчы, і бедныя людзі не маглі развівацца”. Таму сам Езус казаў народу: “рабіце тое, што яны кажуць, але не тое, што яны робяць”. Драма кніжнікаў і фарысеяў палягала на тым, што самі не маглі ўвайсці ў Божае Валадарства і замыкалі шлях іншым. Але і сёння некаторыя думаюць, што вера – гэта спосаб на прапаведванне, навучанне, адзначыў Францішак. Святы Айцец звярнуў увагу на яшчэ адну мадэль веры і спаслаўся на постаць Эліі, “святара беднага і слабога”, які зрабіў шмат злых рэчаў сваім дзецям. Ён сустракае Ганну, якая ў роспачы прасіла Бога аб дзіця мужчынскага полу. Яна малілася, як моляцца “пакорныя людзі: проста, але ад сэрца, з сумам”. І стары Элія паглядзеў на яе і сказаў: “Але яна п’яная”, і зрабіў гэта з пагардай.

Старазапаветны святар, адзначыў Папа, “быў прадстаўніком веры, лідэрам веры, але яго сэрца не адчувала дабрыні”. “Колькі разоў Божы люд не адчувае любові тых, хто павінен яе сведчыць: хрысціян, хрысціян свецкіх, святароў, біскупаў”, - сказаў з жалем Пантыфік. Дзеці Эліі, дадаў Святы Айцец, “былі святарамі, але рабаўнікамі”. Яны выкарыстоўвалі людзей, карысталіся міласцінай і дарамі, за што Пан іх моцна пакараў. Яны дэманструюць мадэль “хрысціянства сапсутага”. Ад сапсутага сэрца, на думку Папы, зыходзіць здрада. Менавіта так Юда здраджвае Езуса.

Чацвёртую мадэль верніка прадстаўляе Езус, Які “вучыў як той, хто мае ўладу, а не як кніжнікі”. Сіла Езуса ў тым, што з Ім прыходзіць Божае Слова, Божая навіна, Божая любоў для кожнага з нас. Ён “шукае сэрца асобы”, набліжаецца да параненага сэрца. І гэта, паводле Францішка, “не новае вучэнне, але спосаб ажыццявіць гэта ўсё, па-новаму”. Папа назваў гэта “евангельскай празрыстасцю”.

Святы Айцец заклікаў сабраных у капліцы Дому св. Марты не быць фармалістамі, як кніжнікі і фарысеі, сапсутымі, як сыны Эліі, цёплымі, як сам старазапаветны святар, але быць як Езус – шукаць і вылечваць людзей, любіць іх.







All the contents on this site are copyrighted ©.