2014-01-14 16:36:32

Дзяржсакратар Яго Святасці Папы сустрэўся з Дзяржсакратаром ЗША


RealAudioMP3 14 студзеня 2014 г. у Ватыкане адбылася сустрэча паміж Дзяржаўным Сакратаром Яго Святасці Папы, арцыбіскупам Пьетра Паралінам, і Дзяржсакратаром ЗША, Джонам Кэры. Кіраўнік амерыканскай дыпламатыі здзяйсняе ў гэтыя дні міжнародны дыпламатычны тур у падтрымку мірнага пагаднення паміж ізраільцянамі і палестынцамі і паспяховага правядзення жэнеўскай сустрэчы па Сірыі. Сённяшнее спатканне доўжылася каля двух гадзін. Кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы, кс. Фэдэрыка Ламбардзі, назваў яго “вельмі плённым і багатым па змесце”. Асноўнай тэмай стала сітуацыя на Блізкім Усходзе, у прыватнасці, у Сірыі. Таксама Афрыка была прадметам размоваў.

Падчас сустрэчы была выказана заклапочанасць Святога Пасаду некаторымі пытаннямі, звязанымі з рэформай сістэмы аховы здароўя ў ЗША, якія ўплываюць на свабоду веравызнання і права на супраціў сумлення. Размова ішла таксама аб плане Прэзідэнта Абамы па барацьбе з беднасцю.

Атмасферу спаткання кс. Ламбардзі назваў станоўчай і канструктыўнай.







All the contents on this site are copyrighted ©.