2014-01-13 12:39:43

Папа да дыпламатаў пра перавагу “маральнай сілы закона” над “матэрыяльнай сілай зброі”


RealAudioMP3 Пантыфік сустрэўся 13 студзеня 2014 г. з дыпламатамі, акрэдытаванымі пры Святым Пасадзе. Гэта была другая сустрэча Францішка з пасламі з моманту яго абрання. Першая адбылася 22 сакавіка 2013 г., праз кароткі час пасля заканчэння канклаву. Папа звярнуў увагу на значэнне сям’і, як асновы міру і асяроддзя, адкрытага для ўсіх, “бедных і багатых, блізкіх і далёкіх”. “На жаль, гэта часта не так”, - адзначыў з жалем Пантыфік і нагадаў аб павелічэнні колькасці разбітых і няўдалых сем’яў. Гэта, на яго думку, адбываецца не толькі “з-за паслаблення пачуцця прыналежнасці, характэрнага для сучаснага свету”, але і “з-за неспрыяльных умоў, у якіх вымушаны жыць шматлікія сем’і”, якім часта “не хапае элементарных сродкаў да існавання”. “Існуе неабходнасць для адпаведнай палітыкі, накіраванай на падтрымку, дапамогу і ўмацаванне сям’і!”, - падкрэсліў Папа. Францішак звярнуў увагу на фактар пажылых і маладых людзей. Менавіта гэтыя дзве групы, на яго думку, “з’яўляюцца надзеяй чалавецтва”. “Пажылыя прыносяць з сабой мудрасць, народжаную досведам; маладыя адкрываюць нам будучыню”, - сказаў Папа. Ён заклікаў не ізаляваць старэйшае пакаленне і дапамагчы моладзі “знайсці працу і стварыць хатні агмень”.

Пантыфік нагадаў, што прычынай разбурэнняў і смерцяў, “якія мы назіралі ў мінулым годзе”, з’яўляецца “эгацэнтрызм, які паступова прымае форму зайздрасці, эгаізму, суперніцтва і смагі ўлады і грошай”. Гэта можа прывесці да роспачы, звярнуў увагу Францішак, але менавіта Божае Нараджэнне прыносіць упэўненасць, што “канчатковае слова належыць да Валадара Міру, Які “ператварае эгаізм у дар, а помсту ў прабачэнне”. Менавіта з гэтага вынікае спадзяванне Святога Айца на вырашэнне канфлікту ў Сірыі. Ён падзякаваў усім, хто прычыніўся і прычыняецца да мірнага працэсу ў гэтай краіне і выказаў надзею, што жэнеўская канферэнцыя, якая пройдзе 22 студзеня 2014 г., стане пачаткам жаданага міру.

Святы Айцец адзначыў сваю занепакоеннасць “праблемамі ў Ліване”, нагадаў пра неабходнасць аднаўлення грамадскай гармоніі ў Егіпце і вяртання міру і стабільнасці ў Іраку. Пантыфік адзначыў прагрэс, дасягнуты ў дыялогу з Іранам па ядзернай праблеме .

Папа падкрэсліў неабходнасць “дыпламатыі дыялогу”, якая прадугледжвае перавагу “маральнай сілы закона” над “матэрыяльнай сілай зброі”. У гэтым кантэксце ён станоўча ацаніў аднаўленне мірных перамоваў паміж ізраільцянамі і палестынцамі і выказаў спадзяванне, што абодва бакі, пры падтрымцы міжнароднай супольнасці, будуць прымаць смелыя рашэнні, накіраваныя на пошук справядлівага і трывалага ўрэгулявання канфлікту. Святы Айцец нагадаў, што мае намер здзейсніць пілігрымку ў Святую Зямлю на працягу гэтага года.

Крыніцай турботы для Пантыфіка па-ранейшаму з’яўляецца зыход хрысціян з краін Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі. Ён нагадаў, што паслядоўнікі Хрыста хочуць працягваць быць часткай грамадскага, палітычнага і культурнага жыцця краін свайго паходжання. Францішак адзначыў, што “хрысціяне пакліканы сведчыць аб Божай любові і міласэрнасці” і ніколі не павінны спыняцца рабіць дабро, нават калі гэта цяжка і патрабавальна, ва ўмовах нецярпімасці і пераследу, як гэта адбываецца ў Нігерыі і Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы. Ён запэўніў, што Касцёл будзе дапамагаць аднавіць атмасферу прымірэння і міру.

Святы Пасад, звярнуў увагу Пантыфік, “пільна сочыць за падзеямі ў Азіі”, дзе існуе доўгая гісторыя мірнага суіснавання розных грамадзянскіх, этнічных і рэлігійных груп. Такія сувязі трэба развіваць, асабліва улічваючы некаторыя трывожныя прыкметы таго, што яны слабеюць, лічыць ён.

Папа звярнуў увагу на праблему адсутнасці доступу шматлікіх асоб у свеце да належнага харчавання і распаўсюджанне “культуры адходаў”, калі чалавек “выкідваецца” за непатрэбнасцю. “Страшна нават уявіць, што ёсць дзеці, ахвяры абортаў, якія ніколі не ўбачаць святло, дзеці, якіх выкарыстоўваюць у якасці салдат (...), а таксама дзеці – аб’екты гандлю, страшнай формы сучаснага рабства”, - сказаў Пантыфік. Ён узгадаў пра шматлікіх бежанцаў, якія жывуць у лагерах, “дзе яны больш не разглядаюцца як людзі, але як безназоўная статыстыка”, і прывёў прыклад італьянскай Лампедузы.

Яшчэ адной пагрозай для свету Пантыфік лічыць “прагную эксплуатацыю прыродных рэсурсаў”. Ён заклікаў да павагі да Зямлі, “якая з’яўляецца нашым агульным домам”, і узгадаў разбуральныя наступствы нядаўніх стыхійных бедстваў на Філіпінах і ў іншых краінах Паўднёва-Усходняй Азіі.

Францішак нагадаў, што мір – гэта “не проста адсутнасць вайны або плён, заснаваны на складаным балансе сілаў”, гэта намаганні, накіраваныя кожны дзень на стварэнне парадку, згоднага з Божай воляй. Ён запэўніў дыпламатаў у гатоўнасці Святога Пасаду і Дзяржаўнага сакратарыяту супрацоўнічаць з краінамі для згоды і міру ў свеце.







All the contents on this site are copyrighted ©.