2014-01-13 14:19:30

Пантыфік: Бог любіць нас асабіста праз нашых бацькоў, дзядоў і прадзедаў


RealAudioMP3 Божая любоў выпраўляе нашы памылкі, нашы грэшныя гісторыі, яна ніколі не пакідае нас, нават калі мы яе не разумеем, лічыць Святы Айцец. Падчас ранішняй св. Імшы 13 студзеня 2014 г. ён спаслаўся на ўрывак Евангелля, дзе Езус кліча Пятра, Андрэя, Якуба і Яна, і заўважыў, што Пан хоча падрыхтаваць іх да місіі. Яны не з самага пачатку разумелі, што іх чакае, не заўсёды былі вернымі Хрысту, нават адракліся ад Яго. Пантыфік нагадаў пра генеалогію Езуса, у якой было шмат грэшнікаў. Але сваім прыходам Ён “выправіў шлях, усталяваў рэчы”, - дадаў Святы Айцец. “На працягу многіх пакаленняў Пан думаў пра нас, кожнага з нас”, - падкрэсліў Ён. “Пан заўсёды чакае нас у гэтай гісторыі, а затым сапутнічае нам у ёй. Гэта вечная любоў Пана – вечная, але рэчаісная”, - сказаў Францішак падчас гаміліі ў капліцы Дому св. Марты. Бог “любіць нас вечна і ніколі не пакіне нас”, - дадаў ён.

Пантыфік заклікаў супрацьставіцца рацыяналізму, які кажа, што на Зямлі так шмат людзей, што Бог не можа думаць асабіста пра мяне. Але Бог робіць гэта праз “нашых маці, нашых бабуль, нашых бацькаў, нашых дзядоў і прадзедаў”, заўважыў Францішак. І “гэта Яго любоў – рэальная, вечная і ўмелая”, - дадаў ён. Чалавек жадае зразумець Божую любоў, але не можа яе спасцігнуць і “гэта таксама кажа нам, наколькі вялікая гэта любоў”, заўважыў Святы Айцец і заклікаў вернікаў прасіць ласку зразумення сэрцам “гэтай вялікай любові”.







All the contents on this site are copyrighted ©.