Святы Айцец абвясціў
12 студзеня 2013 г. імёны новых кардыналаў. Гэта адбылося падчас сустрэчы з вернікамі
на малітве “Анёл Панскі”. “Як было абвешчана раней 22 лютага, у свята Катэдры св.
Пятра, я буду мець радасць склікаць кансісторый, падчас якога прызначу 16 новых кардыналаў,
якія, прыналежачы да 12 народаў з розных частак свету, прадстаўляюць цесную касцёльную
сувязь паміж Касцёлам Рыма і іншымі Касцёламі па ўсім свеце”, - сказаў Святы Айцец.
Ён назваў кандыдатаў на атрыманне кардынальскай годнасці. Першым прагучала імя арцыбіскупа
Пьетра Параліна, Дзяржсакратара Яго Святасці Папы. Кардыналамі стануць таксама: арцыбіскуп
Ларэнца Балдзісэры, генеральны сакратар Сінода Біскупаў; арцыбіскуп Герхард Людвіг
Мюлер, прэфект Кангрэгацыі Веравучэння; арцыбіскуп Беньяміна Стэла, прэфект Кангрэгацыі
па справах Духавенства; арцыбіскуп Вэстмінстэра (Англія) Вінцэнт Нікалс; арцыбіскуп
Манагуа (Нікарагуа) Леапольда Хасэ Саларсана; арцыбіскуп Квэбэка (Канада) Жэраль Сіпрыян
Лакруа; арцыбіскуп Абіджану (Кот д’Івуар) Жан-Пьер Кутва; арцыбіскуп Рыа-дэ-Жанейра
(Бразілія) Арані Тэмпеста; арцыбіскуп Перуджы (Італія) Гвальцьера Басэці; арцыбіскуп
Буэнас-Айрэсу (Аргентына) Марыа Аўрэліа Полі; арцыбіскуп Сеулу (Карэя) Андру Ём Су
Чжун; арцыбіскуп Санцьяга (Чылі) Рыкарда Эсаці Андрэла; арцыбіскуп Уагадугу (Буркіна-Фасо)
Філіпэ Накелентуба Уэдраога; арцыбіскуп Катабата (Філіпіны) Арланда Уэвэда; біскуп
Ле-Ке (Гаіці) Шылбі Ланглуа.
У кардынальскую калегію ўвойдуць таксама тры арцыбіскупы
на пенсіі, “якія вызначыліся сваім служэннем Святому Пасаду і Касцёлу”. Гэта: арцыбіскуп
Лорыс Франчэска Капавіла, арцыбіскуп Фернанда Себасцьян Агілар і арцыбіскуп Кельвін
Эдвард Фелікс.
У сваім выбары Папа прытрымліваўся прынцыпу наяўнасці 120 кардыналаў-выбаршчыкаў.
На гэты момант было 13 “вакантных” месцаў, яшчэ 3 “звольняцца” да канца мая. Такім
чынам, Святы Айцец вызначыў 16 новых пурпуратаў. Сярод іх 4 працуюць у Рымскай курыі,
12 – арцыбіскупы або біскупы з розных краін. 2 прадстаўляюць Еўропу, 3 – Цэнтральную
і Паўночную Амерыку, 3 – Паўднёвую Амерыку, па 2 – Афрыку і Азію.