2014-01-11 12:47:05

Пантыфік лічыць праваслаўных студэнтаў багаццем для каталіцкага навуковага асяроддзя


RealAudioMP3 Святы Айцец сустрэўся 11 студзеня 2013 г. з членамі Камітэта па культурным супрацоўніцтве з Праваслаўнымі Цэрквамі візантыйскага абраду і Усходнімі Праваслаўнымі Цэрквамі. Ён павіншаваў супрацоўнікаў гэтай ватыканскай структуры з 50-годдзем і нагадаў, што ІІ Ватыканскі Сабор яшчэ не быў завершана, калі Павел VI прыняў рашэнне заснаваць Камітэт. Пантыфік добра разумеў важнасць шляху прымірэння і аднаўлення братэрства паміж Цэрквамі і неабходнасць сяброўства і абмену вопытам. Дзякуючы дабрачынцам за апошнія паўстагоддзя структура дапамагла шматлікім праваслаўным вернікам, якія жадалі праводзіць свае тэалагічныя даследаванні ў акадэмічных установах Каталіцкага Касцёла, а таксама падтрымала іншыя праекты экуменічнага супрацоўніцтва, нагадаў папа Францішак. Ён падзякаваў усім мецэнатам, якія падтрымлівалі і падтрымліваюць камітэт, і заклікаў далей працягваць гэту высакародную місію.

На сустрэчы з Пантыфікам прысутнічалі таксама студэнты-стыпендыяты Камітэта па культурным супрацоўніцтве. Святы Айцец скіраваў да іх сваё асабістае прывітанне. Ён падкрэсліў, што тэалагічныя даследаванні маладых навукоўцаў, а таксама іх знаходжанне ў каталіцкім асяроддзі, важныя для дыялогу паміж Цэрквамі “сёння і асабліва заўтра”. “Я дзякую Богу, за тое, што Ён дае мне гэту выдатную магчымасць сустрэцца з вамі і сказаць вам, што Біскуп Рыма любіць вас”, - сказаў Папа. Ён выказаў спадзяванне, што кожны з праваслаўных студэнтаў атрымае “радасны досвед Касцёла і Рыма з пункту гледжання ўзбагачэння духоўнай і культурнай спадчыны” і не будзе адчуваць сябе тут госцем, “але братам сярод братоў”. Пантыфік упэўнены, што стыпендыяты Камітэту з’яўляюцца багаццем для каталіцкай навуковай супольнасці.

Пантыфік паабяцаў сваю малітву за супрацоўнікаў Камітэта па культурным супрацоўніцтве з Праваслаўнымі Цэрквамі візантыйскага абраду і Усходнімі Праваслаўнымі Цэрквамі і яе стыпендыятаў і папрасіў аб малітве за сябе.







All the contents on this site are copyrighted ©.