2014-01-10 11:52:03

Кардынал: Касцёл не супраць багатых


RealAudioMP3 Касцёл – не супраць багатых, падкрэсліў на старонках “L’Osservatore Romano” кардынал Рэйнхард Маркс, арцыбіскуп Мюнхенска-Фрайзінгскі, адзін з васьмі членаў групы для дапамогі Пантыфіку ў кіраванні Касцёлам. Кардынал выступіў на варшаўскай міжнароднай канферэнцыі па праблемах клімату. Адной з тэм форуму быў таксама пошук новага пагаднення аб свабодным гандлі на інданэзійскім Балі. У яе кантэксце іерарх, які лічыцца адным з вядучых спецыялістаў па сацыяльным навучанні, заўважыў, што ва ўмовах глабалізацыі “Касцёл мае асаблівае заданне” – ініцыяцыю і вядзенне “дэбатаў аб будучыні свету”.

Кардынал Маркс нагадаў, што менавіта дзякуючы Касцёлу пачалася дыскусія аб крызісе капіталізму, які сёння нават многія эканамісты “са шкадаваннем называюць памылкай”. На думку нямецкага кардынал, памылкова лічыць, што недзе існуюць рынкі, якія вядуць да росту прыбытку праз чыстую канкурэнцыю. Гэта ідэалогія, адзначыў ён. “Капіталізм не павінен быць мадэллю грамадства, таму што не лічыцца з асобнымі лёсамі, лёсамі слабых і бедных”, - падкрэсліў кардынал Маркс і дадаў, што гаворка, аднак, не ідзе пра адмову ад рынкавай эканомікі, якая з’яўляецца “неабходнай і разумнай, але павінна служыць чалавеку”.

Паводле арцыбіскупа Мюнхенска-Фрайзінгскага, неабходна распрацоўка праграм, які паспрыяюць новаму ўзаемадзеянню паміж рынкамі, грамадствамі і дзяржавамі на глабальным узроўні; неабходны супрацоўніцтва, салідарнасць і адказнасць за супольнае дабро. “Касцёл не пагарджае багатымі, як напісалі некаторыя каментатары. Але нагадвае, што матэрыяльныя каштоўнасці – гэта сродкі для дасягнення мэты, якія не могуць з’яўляцца сэнсам жыцця”, - падкрэсліў кардынал Маркс.








All the contents on this site are copyrighted ©.