2014-01-10 12:39:17

Галівудскі акцёр выказаў павагу да папы Францішка


RealAudioMP3 Вялікую павагу да папы Францішка выказаў знакаміты галівудскі акцёр і кінапрадзюсар Кірк Дуглас. У сваім блогу ён прызнаўся, што хоць і з’яўляецца яўрэем і ніколі не быў рэлігійным чалавекам, аднак лічыць, што Францішак прыхільны да людзей любых веравызнанняў, “таму што ён пакорны і атаясамліваецца з беднымі”. Дуглас нагадаў заклік Святога Айца да будавання міру і больш справядлівага грамадства, з якім Пантыфік звярнуўся 1 студзеня 2014 г., у Сусветны дзень міру. “Ён з’яўляецца чалавекам, які прагне, каб людзі разумелі адно аднаго, незалежна ад падзяляючых нас адметнасцяў, і аказвалі ўзаемную дапамогу, а гэта сутнасць таго, чым павінна быць любая рэлігія”, - перакананы 97-гадовы галівудскі акцёр.

Кірк Дуглас зняўся амаль у 100 фільмах. Некалькі разоў быў кандыдатам на атрыманне прэміі “Оскар”, якая была яму ўручана ў 1996 г. за 50-гадовую працу ў галіне кінавытворчасці. Яго бацькі былі эмігрантамі з Гомеля.








All the contents on this site are copyrighted ©.