2014-01-09 12:31:19

Папа: хрысціянская любоў – гэта не каханне з мыльных опер


RealAudioMP3 Для хрысціянскай любові заўсёды была характэрная “рэалістычнасць”, якая праяўляецца “больш у справах, чым у словах”, “больш у даванні, чым атрыманні”, лічыць Святы Айцец. Паводле яго, у хрысціянскім жыцці не існуе альтэрнатывы “бескарыслівай любові”, “якая закатвае рукавы і імкнецца да бедных”. Папа спаслаўся на фрагмент Першага паслання апостала Яна: “Калі мы любім адно аднаго, то Бог жыве ў нас, і любоў Ягоная ў нас дасканалая”. Досвед веры, паводле Францішка, ляжыць у гэтым “двайным знаходжанні” – “мы знаходзімся ў Богу, і Бог у нас”. Менавіта гэта можна назваць “хрысціянскім жыццём”, і толькі гэта можа абараніць хрысціяніна ад павярхоўнасці, ідалапаклонства і мітусні. Любоў, пра якую кажа св. Ян – гэта “не каханне з мыльных опер”, падкрэсліў Пантыфік і дадаў, што хрысціянская любоў заўсёды адзначалася якасцю, канкрэтыкай і рэалістычнасцю. Калі адсутнічаюць гэтыя рысы, любоў падмяняе “хрысціянства ілюзій”, адзначыў Папа і спаслаўся на вучняў, якія, гледзячы на Езуса, лічылі, што ён быў прывідам. “Іх здзіўленне ўзнікае з цвёрдасці сэрца”, сказаў Пантыфік. Калі ў чалавека цвёрдае сэрца, ён лічыць любоў прывідам, а не рэальнасцю, перакананы ён.

Папа заклікаў сабраных на ранішняй св. Імшы 9 студзеня 2014 г. “любіць справамі , а не словамі”, “мець адкрытае сэрца”, заставацца ў Богу і дазваляць Богу жыць у сабе.







All the contents on this site are copyrighted ©.